Таемнае становіцца яўным
Адміністрацыя шклоўскай калоніі №17 імкнулася пазбавіцца ад палітвязняў, каб не стала вядомым аб карупцыі, якая там квітнее.
Аб гэтым напісаў кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, палітвязень Мікалай Статкевіч сваёй жонцы ў лісце, які быў канфіскаваны і адпраўлены ў пракуратуру.
Пра змест ліста стала вядома сайту charter97.org з крыніц у магілёўскай турме №4, дзе зараз утрымліваецца Мікалай Статкевіч, а таксама Яўген Васьковіч і Мікалай Дзядок.
Мікалай Статкевіч у лісце напісаў пра парадкі, якія склаліся ў Шклоўскай калоніі, праз якую прайшлі ён і актывісты апазіцыі, асуджаныя за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года.
Ён нагадаў аб тым, што ў чатырох з іх «выбівалі» згоду напісаць прашэнне аб памілаванні пагрозамі згвалтавання.
Ціск на “палітычных” з мэтай падпісання “прашэння” пачаўся, найперш, у Шклове і меў там найбольш жорсткі характар.
З шклоўскай калоніі быў пераведены на строгіі турэмны рэжым Мікалай Статкевіч.”З той жа шклоўскай калоніі, літаральна праз некалькі месяцаў пасля этапу, быў асуджаны да пераводу на турэмны рэжым і актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок [рэд.]
Мікалай Статкевіч мяркуе, што такім чынам адміністрацыя ўстановы імкнулася як мага хутчэй пазбавіцца ад палітвязняў, бо яны маглі распавесці аб карупцыі, якая там квітнее.
Ён прывёў і іншыя вядомыя яму факты парушэння закону, сведкам якіх стаў, знаходзячыся ў калоніі, найперш, факты карупцыі. У прыватнасці, Мікалай Статкевіч напісаў аб тым, што ў ва ўсіх зняволеных вымагалі прадукты, якія яны атрымлівалі ў перадачах. Лепшыя прадукты: кілбаса, шакалад і цыгарэты – ішлі начальніку атрада і турэмнай адміністрацыі. Людзі былі вымушаныя плаціць такую «даніну», бо інакш «немагчыма атрымаць умоўна-датэрміновае вызваленьне».
Мікалай Статкевіч мяркуе, што такая ж сітуацыя склалася і ў іншых калоніях.
Аб тым, што ліст палітвязня быў сканфіскаваны і адпраўлены ў пракуратуру, паведаміла яго жонка Марына Адамовіч 17 ліпеня. Яна адзначыла, што не ведае пра яго змест, але мяркуе, што мужу «было аб чым» распавесці.
Як бачна, меркаванне было слушным. Як і тое, што ліст канфіскавалі, каб агучаныя факты не выйшлі на волю і не сталі вядомымі шырокай грамадскасці. Але няма нічога таемнага, што не стала б яўным.
Каментуе Марына Адамовіч:
Я рада, што змест ліста стаў вядомым. Не сумняюся, што Мікалай паспрабаваў бы напісаць мне аб гэтым яшчэ і яшчэ, але ж гэтага не спатрэбілася. Калі шчыра, то я не здзіўлена – занадта ўжо гнюсныя рэчы адбываліся за сценамі гэтай “папраўчай” установы. Настолькі гнюсныя, што і зараз, больш, чым праз 1,5 гады, мне непрыемна ўзгадваць пра іх існаванне. Яшчэ раней я чула ад сваякоў тамтэйшых зняволеных пра факты, падобныя да агучаных сёння. Таму, думаю, што Мікола мае рацыю, калі кажа, што загады “па тэлефоне” атрымліваюць усе, але ж найбольш “шчыра” іх імкнуцца выконваць тыя, у каго на сумленні шмат грахоў, ці, як кажуць, “рыльца ў пушку”. Мабыць, адміністрацыя шклоўскай калоніі добра ведае свае грахі, таму і “шчыруе” аж занадта. Недарма ж ажно чацвёра яе супрацоўнікаў у спісе неўяздных у Еўрапейскі Саюз.
Рэд.: Мяркуем і спадзяемся, што прыведзеныя факты раней ці пазней атрымаюць належную адзнаку.