Навіны

Танкачова запатрабуе пашырыць сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЭЗ

Судовая калегія па грамадзянскіх справах Менскага гарадзкога суду 19 лютага адмовіла ў задавальненьні касацыйнай скаргі праваабаронцы Алены Танкачовай. Рашэньне выслаць яе зь Беларусі і забараніць на тры гады ўезд у краіну пакінута ў сіле. Гэта канчатковае рашэньне беларускіх уладаў.

У інтэрвію карэспандэнту Свабоды Алена Танкачова сказала, што 21 лютага яна павінна выехаць зь Беларусі.

«Я вымушана гэта зрабіць. У мяне быў настрой адмовіцца ад выкананьня гэтага патрабаваньня. Але потым я падумала, што, на жаль, я і так стамілася ад гэтых трох месяцаў барацьбы з паветранымі млынамі, што я наўрад ці гатовая да таго, каб яны яшчэ мне выломвалі дзьверы перад ад’ездам і ў кайданках канваявалі. У дадзены момант у мяне ня хопіць здароўя. Таму паеду, так».

— А што азначае для вас ад’езд зь Беларусі?

— Для мяне гэта поўная зьмена фармату жыцьця. То бок буду складаць усё нанова. Я вымушана пакінуць сям’ю, дзіця, дом, хутар. Забіраю толькі котку, бо яе няма на каго пакінуць, таму паляцім з коткай. А так — пакідаю сяброў, працу. Як ва ўсіх нармальных людзей, нешта за час жыцьця назьбіраецца.

— А ці вы ўсё ж плянуеце працягнуць праваабарончую дзейнасьць, зьвязаную зь Беларусьсю?

— Пакуль я маю намер працягваць гэтым займацца. Але як будуць складацца абставіны далей, я ня стану прагназаваць. На першыя два месяцы я буду вымушана выехаць у Расею, бо мушу аформіць пэўныя дакумэнты, якіх я ня маю. А пасьля гэтага пляную пераехаць жыць і працаваць у Вільню. Але наколькі гэты плян будзе рэалізаваны, будзе залежаць ад далейшых абставінаў. Я дакладна не зьбіраюся заставацца ў Расеі, а далей будзе бачна.

— Як вы ставіцеся да канчатковага рашэньня беларускіх уладаў пра вашу высылку?

— У чалавечым сэнсе я гэта расцэньваю як хамскае ўварваньне ў прыватнае жыцьцё і пазбаўленьне магчымасьці мець зносіны зь сям’ёй, то бок жыць ва ўласным доме і гэтак далей. Я ўвесь час устрымлівалася ад палітычных і праваабарончых ацэнак уласнага працэсу. Але пасьля таго як сёньня скончылася касацыйная інстанцыя, я магу сказаць, што я абсалютна перакананая, што гэта палітычна матываванае рашэньне. І больш за тое, ад сёньняшняга дня я пачынаю зварот у эўрапейскія структуры адносна ўключэньня ў сьпіс неўязных тых службовых асобаў, якія непасрэдна бралі ўдзел у падрыхтоўцы і правядзеньні працэсу аб высылцы. Я буду настойваць, каб гэта былі службовыя асобы Першамайскага РУУС, якія ініцыявалі і прымалі гэтае рашэньне, і судзьдзя, якая прымала рашэньне ў першай інстанцыі.

Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода