Навіны

Тэлефанаваньні з-за кратаў, Або турэмны «кот-кур’ер» (ВІДЭА)

Лічыцца, што тэлефанаваньні — такі самы неабходны складнік сацыяльнай рэінтэграцыі чалавека за кратамі, як перапіска ды спатканьні. Паўсюль такія кантакты з вонкавым сьветам замацаваныя законам, а таму разглядаюцца пры турэмным утрыманьні як норма, а не прывілей.

«Да трох званкоў» — ня значыць «тры»

У цывілізаваных краінах з разьвітай тэлефоннай сеткай сувязь праз тэлефон ужо даўно — адзін з найважнейшых сродкаў, каб падтрымліваць стасункі з сваякамі ды блізкімі. Пры пэўных абставінах (калі ў сям’і вязьня малыя даходы, вязьніца далёка ад дому, ці калі родныя хварэюць) тэлефон нават замяняе спатканьні. Менавіта таму тэлефонныя карткі — адзін з самых папулярных тавараў у турэмных крамах большасьці краінаў. У гэтым пляне Беларусь — не выключэньне. Згодна зь дзейным заканадаўствам, забарону на тэлефанаваньне маюць толькі падсьледныя і сьмяротнікі. Сядзельцам жа папраўчых установаў дазволена да трох тэлефанаваньняў у месяц. Аднак «да трох» — ня значыць «тры».

Як кажуць праваабаронцы ды самі ЗК, прыназоўнік «да» дае адміністрацыі на месцах вялікую прастору для творчасьці. Могуць дазволіць два званкі ў месяц, адзін, а то і ўвогуле ніводнага.

Так, бацькі палітвязьня Ігара Аліневіча, якога ня так даўно перавялі з Наваполацкай калёніі ў Віцебскую, сьведчаць, што амаль за чатыры гады адседкі трох званкоў у месяц ад сына не атрымлівалі пэўна.

«У Наваполацку, — паведаміў Свабодзе бацька Ігара Ўладзімер, — з гэтым было вельмі складана. Ад восені 2011 усяго, можа, пяць званкоў. Нам асабліва нічога не тлумачылі. Казалі толькі, што няма тэхнічнай магчымасьці. Паглядзім, як тут будзе. Пакуль ён яшчэ ніводнага разу не званіў. Напісаў, што тут заведзена гэтак, што тры разы на месяц можна будзе званіць дамоў. Калі гэта будзе адносна яго выконвацца, будзе добра, у параўнаньні з наваполацкай калёніяй».

Сытуацыю з тэлефанаваньнямі ў Наваполацкай калёніі нельга назваць нейкай унікальнай. У нашу праграму ня раз паступалі скаргі ад зьняволеных на тое, што адміністрацыя ў якасьці дысцыплінарнай меры пазбаўляе іх законнага права на тэлефанаваньні. Хоць паводле дзейных правілаў у калёніях такая забарона магчымая толькі ў тым выпадку, калі асуджаны знаходзіцца ў штрафным ізалятары.

За інфармацыю на «Свабодзе» тэлефанаваць забаранілі ўсёй зоне

Мікалай Аўтуховіч Адзін з колішніх сядзельцаў івацэвіцкай «пяцёркі» расказаў нам, як пару гадоў таму на нейкі час тэлефанаваць было забаронена ўсёй зоне. Прычына — вельмі шмат на Радыё Свабода ды іншых СМІ сталі пісаць пра калёнію ды яе сядзельца, палітвязьня Міколу Аўтуховіча.

«Пасьля чарговай публікацыі на вашым сайце адміністрацыя выклікала Аўтуховіча да сябе, — расказваў гэты чалавек. — Яму сказалі: або ты звоніш на Свабоду і даеш абвяржэньне, або штрафны ізалятар ды 411 артыкул. Абвяржэньня, пэўна не было, бо на тых, хто рабіў званкі, уключна з Аўтуховічам, пачаўся ціск. Потым усю зону ня сталі вадзіць на званкі. Так і сказалі: маўляў, з-за таго, што звоніце на Радыё Свабода. Потым, амаль праз тыдзень, усім атрадам дазволілі тэлефанаваць, а нашаму, 15-му, амаль цягам месяца — не. Зэкам заявілі: пакараныя ўсе, бо некаторыя звоняць, куды ня трэба».

Сам Мікалай Аўтуховіч мае адно тлумачэньне падобным забаронам: гэта спроба адміністрацыі схаваць тыя службовыя злачынствы, якія зьдзяйсьняюцца на месцах асобнымі супрацоўнікамі.

Аўтуховіч: «Больш за ўсё адміністрацыя баялася ўцечкі інфармацыі ў СМІ — на радыё, у інтэрнэт. Гэта іх найбольш раздражняла. Адзін з начальнікаў нават казаў: „Падавайце паперы ў пракуратуру, у суд, але толькі не на радыё“. Гэтага яны баяліся найбольш. Калёнія — гэта такая маленькая дзяржава ў дзяржаве. Начальнік калёніі — сам сабе гаспадар, сам сабе прэзыдэнт: як захоча, так і зробіць. На гэтай закрытай тэрыторыі, куды не пускаюць ні журналістаў, ні назіральнікаў можа адбыцца што заўгодна. Былі выпадкі, калі зьбівалі, калі людзі гінулі, і ніхто пра гэта ня ведаў. Я адкрыта казаў адміністрацыі калёніі, што раздаў усім зьняволеным тэлефоны Свабоды, каб журналісты ведалі пра зьдзекі зь людзей. Мы наладзілі справу так, што ў кожным атрадзе, у кожнай лякальнай зоне былі людзі з тэлефонамі, з нумарамі Свабоды».

Шмон у атрадзе, падчас якога шукалі мабільнікі, зьняў на відэа ў ПК-5 летам 2011 году сябар Міколы Аўтуховіча

Як выдрэсіраваць ката…

Барацьба адміністрацыі з зэкамі вакол іхніх кантактаў з вонкавым сьветам так ці інакш заканчваецца паразай, лічыць былы асуджаны паводле «эканамічнага» артыкула, у мінулым дацэнт Віцебскага тэхналягічнага інстытуту, а цяпер праваабаронца Міхаіл Жамчужны. Самому Міхаілу падчас адседкі адміністрацыя валявым рашэньнем надоўга забараніла і перапіску, і тэлефанаваньні, і спатканьні. Падобна іншым кемлівым ЗК, ён мусіў шукаць самыя розныя спосабы камунікацыі з воляй. Адзін зь іх — «дрэсіроўка ката». З дапамогай гэтага кур’ера стала магчымым перапраўляць карэспандэнцыю праз турэмны дрот. Сёньня сваё ноў-хаў Міхаіл дэманструе нашай праграме на прыкладзе незнаёмай яму дагэтуль коткі.

Жамчужны: «Перш за ўсё трэба ўсталяваць кантакт з катом, каб ён вас не палохаўся. Потым робіцца такі мяшэчак на шыю. Адной вяровачкай прымацоўваецца на шыі, а другой — пад жыватом. Дарэчы, турэмныя каты былі крыху здаравейшыя. Паступова яны настолькі прызвычайваліся да гэтай гульні, што спакойна на вачах у мянтоў гулялі па зоне з тымі мяшэчкамі, а потым спрытна пераскоквалі зь імі праз плот. Наш кот-кур’ер жыў на волі, у гаспадароў. Прыбягаў да нас у калёнію ў сталоўку. Любіў паесьці. Гэта быў вельмі кантактны кот. Мяшэчак на шыю павесіць яму было элемэнтарна. Наеўшыся і нагуляўшыся, кот уцякаў дадому. Асабіста я ўкладаў у такі мяшэчак карэспандэнцыю для тых, хто на волі. Бо мне было афіцыйна забароненая і ліставацца, і тэлефанаваць. З волі на зону ішлі зваротныя лісты. Некаторым зэкам з катом дасылалі мабільнікі, а таксама цыгарэты ды алькаголь».

«Гаспадары нашага ката, — працягвае суразмоўца, — як і большасьць тых, хто жыў побач з калёніяй, спачувалі зэкам. Тым больш што незаконна ці несправядліва асуджаных становіцца ўсё больш. Гэтыя людзі адсылалі нашы лісты на пазначаны адрас, наладжвалі кантакты з нашымі блізкімі, і тыя выконвалі потым нашы просьбы».

Аднак, зазначае Міхаіл, на зоне, як і паўсюль, ёсьць стукачы. Яны і выдалі адміністрацыі нашага кур’ера.

Міхаіл: «Калі ката здалі, адміністрацыя загадала адлоўліваць усіх гэтых жывёлінаў. Расказвалі, што тым кантралёрам выпісалі нават прэміі — парадку 100 тысяч рублёў. На той момант, калі сядзеў я, гэта былі добрыя грошы. Амаль паўзарплаты. За аднаго ката, злоўленага ўнутры забароненай зоны. Нейкі час на зоне ўвогуле не было катоў. Але ж зэкі не спыняліся і прыдумлялі іншыя спосабы кантактаў. Гаварыць пра іх я не хачу. Людзі імі карыстаюцца. Бо многія дысцыплінарна абмежаваныя ў кантактах з домам. За кратамі нямерана таленавітых людзей, а таму і вынаходак нямерана. Чаго толькі не прыдумляюць разумныя людзі, каб забясьпечыць сабе альтэрнатыўную сыстэму сувязі, калі іх пазбаўляюць той, што ім належыцца паводле закону»

Адзін з найбольш распаўсюджаных і вядомых на постсавецкай прасторы спосаб перадачы мабільнікаў у вязьніцы — гэта так званы «ўкід». Паводле былога асуджанага берасьцейца Сяргея, тэхналёгія прадуманая «да драбнюткіх дробязяў». Спачатку мабільнік разьбіраюць на часткі і пакуюць яго ў паралён. Потым атрыманы «канструктар» пакуюць у пустую двухлітровую плястыкавую бутэльку. Калі падобны снарад пералятае праз турэмную сьцяну, тэлефон ад удару аб зямлю не псуецца. Сам Сяргей вырашаў камунікацыйную праблему прасьцей: праз грошы. «За грошы за кратамі можна набыць усё, у тым ліку і забароненыя мабільнікі. Гэта тычыцца ня толькі зоны, але і СІЗА. Хто сядзеў, той ведае, праз каго, як і за колькі гэта можна арганізаваць», — кажа колішні вязень.

Расейскія праваабаронцы за легалізацыю мабільнікаў

У турмах суседняй Расеі мабільнікамі, нягледзячы на афіцыйную забарону, карыстаецца большая частка зэкаў. Прычым турэмнае начальства нярэдка проста закрывае на гэта вочы. Разумее, што змагацца з гэтым бессэнсоўна. Сёньня забяруць — заўтра зьявіцца новы.

Расейская праваабаронца, старшыня некамэрцыйнага партнэрства «Бізнэс-салідарнасьць», а ў мінулым сама зьняволеная Яна Якаўлева выступае за легалізацыю мабільнікаў, бо дазволеных афіцыйных таксафонаў на паўнавартасную сувязь з вонкавым сьветам для ўсіх ахвотных так ці інакш ня хопіць. 

Яна ЯкаўлеваЯна Якаўлева: «Зьняволеньне практычна можна параўнаць са сьмерцю, таму што цябе ніхто ня чуе, твае сябры цябе забываюць, сваякі ня ведаюць, што з табой адбываецца, на цябе пастаянна падае прэс турэмнага побыту ды самаўпраўства… Мабільная сувязь — добрая магчымасьць паведамляць пра сябе і мець зносіны з сваякамі. Калі забарону аргумэнтуюць тым, што нейкія зэкі робяць тэлефонныя махлярствы ці праз тэлефон кіруюць рабункамі веку, то тыя, пра каго ідзе размова, так ці інакш зробяць свае злачынствы. Праз нелегальную сувязь. Калі ж за кожным зьняволеным будзе афіцыйна замацаваны нумар, вельмі лёгка будзе вызначыць, што з гэтым тэлефонам адбывалася. Калі нейкім праваахоўным органам трэба праслухоўваць, яны гэта лёгка могуць зрабіць у любым выпадку. Лічу, што галоўная прычына, чаму фэдэральная служба выкананьня пакараньняў трымае забарону, — гэта карупцыя. Усім вядома, што і ў СІЗА, і ў турмах бізнэс на тэлефонах — гэта вельмі істотныя грошы для турэмнікаў. Яны праносяць сім-карты, праносяць тэлефоны, потым самі ладзяць ператрусы, каб зьняволеныя іх назад выкуплялі. З гэтым трэба канчаць праз закон, які дазволіць мабільныя сродкі сувязі».

Валеры БаршчоўРасейскі праваабаронца, сябар Маскоўскай Хэльсынскай групы Валеры Баршчоў адмыслова вывучаў досьвед камунікацыі з воляй у турмах розных краінаў сьвету. Паводле ягоных словаў, у пэнітэнцыярных установах ЭЗ ды ЗША, хоць мабільная сувязь там забароненая, вязьні ня маюць недахопу ў кантактах з блізкімі. У постсавецкіх турмах праблемы паўстаюць не з-за забароны сотавых апаратаў, а з-за непразрыстасьці сыстэмы.

Баршчоў: «Мабільныя тэлефоны ў турмах ЭЗ ды ЗША забароненыя. Аднак ніхто ня думае змагацца з мабільнымі тэлефонамі шляхам рэпрэсіяў. Вось я, напрыклад, быў у Польшчы, у турме, якая пабудаваная Эўразьвязам. Калі туды заходзіш, цябе добра правярае тэхніка. Яна фіксуе пранос любога мабільніка. З чымсьці падобным наша дэлегацыя сутыкнулася і ў Англіі. Адзін з супрацоўнікаў нашай крымінальна-папраўчай сыстэмы пранёс фотаапарат. Як толькі ён зрабіў адзін здымак, тут жа зьявіўся чалавек і запатрабаваў аддаць апарат. Сучасная тэхніка фіксуе любы забаронены прадмет. А таму патрэбныя не рэпрэсіі — ШЫЗА, ПКТ, — а проста ўсталяваньне той тэхнікі, якая ёсьць у той жа Польшчы. Тая гістэрыка, якая ў гэтым пытаньні ідзе ад супрацоўнікаў крымінальна-папраўчай сыстэмы, зьвязаная з магчымай уцечкай інфармацыі. У заходніх краінах такой праблемы няма. Бо там штотыднёвыя спатканьні з сваякамі. Людзі размаўляюць не праз шкло, яны размаўляюць у асобным пакоі сам-насам, і ўсё, што ім трэба, яны скажуць. Вось калі мы наладзім нармальную сыстэму інфармацыі, то неабходнасьць у мабільніках шмат у чым адпадзе».

Чэскія вязьні могуць рабіць відэазванкі

Тэлефон для пажыцьцёвазьняволеных. Турма Леапольдаў, Славакія. Фота — Алена Красоўская-Касьпяровіч Тым часам супрацоўнікі вязьніцаў Чэхіі і Славаччыны прызнаюць: нягледзячы на тэхнічнае абсталяваньне ў тамтэйшых турмах, нелегальныя мабільнікі ўсё ж трапляюць за краты. І гэта пры тым, што ў вязьняў няма праблемаў з тэлефанаваньнямі праз таксафон. Нават пры самым строгім рэжыме — пажыцьцёвым пакараньні — зьняволеныя маюць права званіць сама меней раз на два тыдні. Турэмная адміністрацыя не выключае, што адна з прычынаў пранікненьня ў турмы нелегальных сотавых апаратаў — даволі высокія ў параўнаньні з воляй тэлефонныя тарыфы. Так, адна хвіліна званка з чэскай турмы каштуе прыкладна 50 эўрацэнтаў, у той час як на волі людзі звоняць зусім па іншых коштах.

Ня так даўно чэскія пэнітэнцыярыі вырашылі адмовіцца ад паслуг вядомай кампаніі О2, якая цягам дзесяцігодзьдзяў была манапалістам турэмнай тэлефаніі, і абвясьцілі тэндэр на самыя нізкія кошты тэлефанаваньня і самыя дасканалыя тэхналёгіі. Кампанію-пераможцу маюць назваць ужо ўвосень.

Як вынікае зь інтэрвію прадстаўніка генэральнай управы турмаў Чэхіі Робэрта Качара для Чэскага радыё, мадэрнізацыя турэмнай тэлефаніі дапаможа вырашыць адразу некалькі пытаньняў.

 

Качар: «Гаворка ідзе ня толькі пра цану званкоў. Тая сыстэма, якая існуе на дадзены момант, яна вельмі цяжкая і нязручная нават для пэрсаналу

Захаваньне сацыяльных сувязяў — адзін з фактараў, які не дае злачынцу стаць рэцыдывістам

турмаў. Калі зьняволены хоча патэлефанаваць, то хтосьці з ахоўнікаў павінен адвесьці яго да таксафона, прасачыць, на які нумар той тэлефануе, увесь час знаходзіцца побач, а потым адвесьці чалавека назад у камэру. У кожнай турме ёсьць свае ўнутраныя правілы, дзе напісана, як часта зьняволеныя могуць тэлефанаваць, але агульны прынцып усюды падобны. Яшчэ адна наша мэта — гэта даць зьняволеным магчымасьць як мага часьцей тэлефанаваць сваім блізкім. Яны павінны мець зносіны зь людзьмі з таго сацыяльнага кола, якое яны пакінулі, трапіўшы ў турму. Гэта вельмі важная частка рэінтэграцыйнага працэсу. Захаваньне сацыяльных сувязяў — адзін з фактараў, які не дае злачынцу стаць рэцыдывістам».

Паводле спадара Качара, званіць на волю вязьні могуць з дапамогай картак, якія прадаюцца ў турэмных крамах.

Качар: «Вязьні купляюць тэлефонныя карты з крэдытам. На колькі хопіць крэдыту — столькі і паразмаўляеш. Што да тэхнічнага абсталяваньня, то гэта лічбавыя сеткі. Вось нядаўна мы азнаёміліся з амэрыканскай сыстэмай. Гэта такая панэль з экранам. Гэта значыць, зьняволеныя могуць рабіць нават відэазванкі. У разьвітых краінах ужо даўно выкарыстоўваюцца цалкам аўтаматычныя тэхналёгіі. Яны ў стане самастойна ідэнтыфікаваць таго, хто тэлефануе. Эканоміцца час працы пэрсаналу, дый самі званкі таньнейшыя. Дарэчы, такія тэлефонныя сыстэмы адпачатку былі створаныя менавіта для выкарыстаньня ў турмах».

Ці вырашыць стварэньне новай сыстэмы праблему нелегальных мабільнікаў?

Качар: «Я ня думаю, што гэта стане вырашэньнем праблемы. Але, зразумела, такіх тэлефонаў стане нашмат менш. Таму што дарагоўля званкоў — гэта адзін зь некалькіх фактараў, чаму ў турму праносяць нелегальныя мабільныя тэлефоны».

Радыё Свабода