Навіны

У ААН гавораць пра беларускіх палітвязьняў

Неадкладна і без умоваў вызваліць усіх палітвязьняў у Беларусі заклікае рэзалюцыя, кансультацыі па праекце якой прайшлі 26 чэрвеня ў ААН.

Напярэдадні заўтрашняга абмеркаваньня Беларусі ў Радзе ААН у правах чалавека кансультацыі ў Жэнэве арганізавала місія Эўразьвязу ў ААН, якая ініцыявала рэзалюцыю. Кансультацыі праходзілі адкрыта і ў іх бралі ўдзел усе ахвотныя, але прадстаўнікі беларускай місіі адсутнічалі.

У праекце рэзалюцыі таксама патрабуецца правесьці поўнае, празрыстае і адкрытае расьсьледаваньне ўсіх зьвестак аб катаваньнях і бесчалавечным абыходжаньні з палітвязьнямі, а таксама неадкладна спыніць практыку адміністрацыйных затрыманьняў актывістаў, палітыкаў, грамадзкіх дзеячоў, журналістаў і праваабаронцаў і не перашкаджаць іх свабоднаму руху, у тым ліку паездкам за мяжу.

Праект рэзалюцыі заклікае ўлады Беларусі выканаць усе рэкамэндацыі са справаздачы Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека аб сытуацыі ў Беларусі.

У праект уключанае і рашэньне пра прызначэньне мандата спэцдакладчыка па Беларусі і заклік да ўладаў пра паўнавартасную супрацу зь ім, прадстаўленьні ўсёй неабходнай інфармацыі і магчымасьцяў наведаць краіну.

У часе абмеркаваньня праекту рэзалюцыі яго падтрымалі Японія, ЗША і многія эўрапейскія краіны, з крытыкай дакумэнту выступілі Расея, Куба і Кітай.

Расея назвала рэзалюцыю «непрадуктыўнай, палітызаванай» і заявіла, што «яна ня дасьць карысьці».

Беларусь: «Нам няма пра што з вамі размаўляць»

Расея, Куба і Кітай заявілі ў часе кансультацыяў па Беларусі, што сытуацыя там не патрабуе ўвядзеньня мандату спэцдакладчыка ААН.

Кітайскі прадстаўнік сказаў, што Кітай «ня можа паверыць, што Эўразьвяз з такой упартасьцю робіць крокі супраць Беларусі, якая зьяўляецца яго блізкай суседкай» і што Кітай расчараваны такім ціскам на Беларусь з боку Рады ААН у правах чалавека. Кітай заявіў, што «рашуча супраць гэтай рэзалюцыі, якая ня зробіць нічога для паляпшэньня правоў чалавека ў Беларусі. Тэкст рэзалюцыі грунтуецца на справаздачы Вярхоўнага камісара, якая ніколі не была ў Беларусі».

Рэзалюцыю ў такім выглядзе падтрымалі Вялікая Брытанія, Нарвэгія, Нідэрлянды, Польшча, Францыя, Швэцыя, ЗША, Японія, — усяго болей як 20 краінаў.

Прадстаўнік місіі Польшчы ў ААН назваў «дэманстрацыяй непавагі» з боку беларускай місіі тое, што ніхто зь яе прадстаўнікоў не прыйшоў на кансультацыі. Прадстаўнік Расеі адказаў, што «гэта ня дзіўна», бо тут няма пра што гаварыць: «Вы ўжо два гады не жадаеце нічога слухаць».

«Нам няма пра што з вамі размаўляць», — такі адказ атрымала і Фундацыя Дамоў правоў чалавека ад беларускай місіі, калі запрасіла яе на канфэрэнцыю па сытуацыі ў Беларусі напярэдадні 20-ай сэсіі Рады ААН у правах чалавека.

Беларусь ухіляецца ад супрацы з Радай ААН

Прадстаўнік місіі Расеі заявіў таксама ў часе сёньняшніх кансультацыяў, што беларускі ўрад накіроўваў запрашэньні васьмі спэцдакладчыкам ААН і Вярхоўнаму камісару наведаць краіну, але яшчэ не атрымаў адказу.

Тым часам, экспэрты Рады ААН у правах чалавека паведамляюць, што ня могуць атрымаць адказаў на свае просьбы наведаць Беларусь. Дэтальная інфармацыя аб гэтым прадстаўленая на сайце Рады ААН у правах чалавека.

Паколькі Беларусь – краіна, якая выклікае заклапочанасьць Рады ААН у правах чалавека, Офіс Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека замовіў маніторынг усёй сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі пасьля 19 сьнежня 2010 году. Гэтым займаецца Рада ў правах чалавека, якая падрыхтавала рэтраспэктыўную справаздачу па Беларусі. Між іншага там уздымаецца праблема супрацоўніцтва беларускага ўраду з Радай ААН у правах чалавека.

Справаздача сьведчыць, што ўрад Беларусі дэманструе неахвоту і некампэтэнтнасьць у пытаньнях звычайнай практыкі супрацоўніцтва краін-чальцоў ААН з Радай у правах чалавека.

Да прыкладу, для вывучэньня сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, як таго патрабавала леташняя чэрвеньская рэзалюцыя, Рада ААН тройчы зьвярталася да ўраду Беларусі з просьбай дазволіць прыезд рабочай групы Офісу Вярхоўнага камісара ў правах чалавека. Афіцыйная Беларусь, аднак, не прызнала вышэйзгаданай рэзалюцыі і адмовілася супрацоўнічаць.

У якасьці альтэрнатывы прыезду рабочай групы афіцыйны Менск прапанаваў Вярхоўнаму камісару Наванэтхэм Пілэй прыехаць адной у Беларусь. Насамрэч такая замена візыту рабочай групы для выкананьня пэўнага мандату на асабісты візыт Вярхоўнага камісара супярэчыць існуючаму ладу працы Рады ААН. Афіцыйны Менск ня мог гэтага ня ведаць, калі перадаваў запрашэньне Вярхоўнаму камісару, якое не магло быць прынятае як замена візыту рабочай групы. Як адзначае адмысловая справаздача Фундацыі Дамоў правоў чалавека разам зь Беларускім Домам правоў чалавека, гэта адзін з прыкладаў, які паказвае стыль працы афіцыйнай Беларусі.

На 27 чэрвеня ў Радзе ААН заплянаваны інтэрактыўны дыялёг аб сытуацыі ў Беларусі. Канчатковае галасаваньне будзе напрыканцы 20-ай сэсіі Рады ААН у правах чалавека.

Таццяна Поклад Радыё Свабода