ГомельНавіныПалітвязні

У ачэпленым СІЗА ў Гомлі пачаўся закрыты суд над блогерамі і палітыкамі. Статкевіч выгукнуў «Жыве Беларусь!»

Яшчэ з 22 гадзін 23 чэрвеня пад гомельскім СІЗА-3 пачалося «ўзмацненьне». Жыхары Кніжнай вуліцы паведамілі, што каля ізалятара ад 22:00 і ўначы стаяў АМАП, а на вуліцы — супрацоўнікі ДАІ.

Тут а 10-й гадзіне ў закрытым рэжыме пачаўся судовы працэс над Мікалаем Статкевічам, Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Уладзімерам Цыгановічам, Дзьмітрыем Паповым і Арцёмам Сакавым.

«Не разумею, што адбываецца ў нас. Нават калі былі пратэсты, не было на нашай вуліцы столькі супрацоўнікаў АМАП», — сказаў адзін з жыхароў дому каля СІЗА.

Кніжную вуліцу напярэдадні вечарам вызвалілі ад аўтамабіляў. Супрацоўнікі ДАІ сказалі аўтамабілістам паркавацца ў іншым месцы, бо тут будуць «весьціся рамонтныя работы».Зранку вакол СІЗА выставілі ачапленьне. Апроч унутраных войскаў, тут стаіць мікрааўтобус з АМАП, а на Кніжнай вуліцы — аўтамабілі зь людзьмі ў цывільным.Усе пад’езды да СІЗА, акрамя аднаго, перакрылі. Той адзіны кантралююць людзі ў цывільным. Яны спыняюць усе машыны, якія паварочваюць у бок ізалятару. Каля самога СІЗА шмат міліцыі.

Родным абвінавачаных забараняюць здымаць каля будынку СІЗА. Ва ўсіх, хто праходзіць побач з ізалятарам, правяраюць торбы.Побач зь СІЗА перад пачаткам працэсу затрымалі сябра Мікалая Статкевіча Аляксея Кірэева. Яго павезьлі ў РАУС Чыгуначнага раёну Гомля. Пра гэта паведаміла Марына Адамовіч.Марына Адамовіч і Дар’я Лосік, жонкі палітвязьняў Мікалая Статкевіча і Ігара Лосіка, праводзяць першы дзень суду над сваімі блізкімі пад сьценамі СІЗА-3 у Гомлі.

Таксама, паводле жонкі палітыка, Мікалай Статкевіч адмаўляецца ўдзельнічаць у судовым працэсе і накіраваў адпаведны ліст у Гомельскі абласны суд.А 10-й гадзіне каля СІЗА зьявіліся дыпляматы. Група дыпляматаў Эўразьвязу, Вялікай Брытаніі і ЗША адзначыла, што зноў, як і ў справе палітвязьняў Паўла Севярынца, Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча, Максіма Вінярскага і Андрэя Войніча, улады Беларусі «адмовіліся забясьпечыць празрыстасьць судовага працэсу; сваякам зьняволеных, іншым прадстаўнікам грамадзкасьці і дыпляматам было адмоўлена ў праве прысутнічаць на працэсе», хоць права на публічны суд замацавана некалькімі міжнароднымі дакумэнтамі ў правах чалавека, у тым ліку Ўсеагульнай дэклярацыяй правоў чалавека.

«Ад імя ўсіх дыпляматычных місій краін ЭЗ, што працуюць у Менску, амбасадар Румыніі, кіраўнік місіі Нідэрляндаў, намесьнік кіраўніка Прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі, калегі з амбасадаў Чэхіі і Швэцыі разам з брытанскімі і амэрыканскімі калегамі наведалі Гомель, каб прысутнічаць на судзе па справе палітычных зьняволеных Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка, Дзмітрыя Папова, Уладзімера Цыгановіча і Арцёма Сакава», — паведаміла прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі.Замежныя дыпляматы выказалі салідарнасьць з палітвязьнямі, іхнымі сем’ямі і падкрэсьлілі, што ўрады краінаў Эўразьвязу, Вялікай Брытаніі і ЗША працягваюць заклікаць да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў у Беларусі.

Раніцай да гомельскай журналісткі Ларысы Шчыраковай прыехалі міліцыянты, каб прымусова завезьці яе на суд у АУС Гомельскага раёну. Позву на працэс за супрацу зь «Белсатам» без акрэдытацыі Шчыракова атрымала толькі ўчора ўвечары. Калі журналістка паабяцала, што ня пойдзе да СІЗА, дзе пачынаецца працэс над блогерамі і палітыкамі, міліцыя зьехала. На свой суд Шчыракова не пайшла, працэс пачаўся ў 9:30 безь яе.