Навіны

У Белдзяржфілярмоніі ушанавалі памяць Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна

У вялікай залі Беларускай дзяржаўнай філярмоніі адбыўся канцэрт-мэмарыял «Струны сэрца чыстага».

Канцэрт прысьвечы памяці паэтаў Рыгора Барадуліна іГенадзя Бураўкіна, паведамляе «Радыё Свабода».

Галоўным удзельнікам канцэрту стаў Нацыянальны народны аркестар імя Жыновіча, а аўтарам праекту — галоўны дырыжор аркестру Міхаіл Казінец.

Ушанаваць памяць двух вялікіх паэтаў прыйшлі іх сваякі і родныя, многія вядомыя паэты, палітыкі, грамадзкія актывісты і аматары творчасьці.

Вядомыя і папулярныя песьні, напісаныя на словы паэтаў выконвалі салісты Белдзяржфілярмоніі і іншыя сьпевакі, а ў залі прысутнічалі многія аўтары музыкі гэтых песьняў.

Праз увесь канцэрт гучалі запісы вершаў Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна ў выкананьні аўтараў.

Першым выступіў сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч, які адразу ж атрымаў авацыі. Цёпла гледачы віталі і іншых артыстаў, а «Завіруху» сьпявала амаль уся напоўненая гледачамі заля.

Паэт Уладзімер Някляеў гэтак сказаў пра свае ўражаньні журналістам: «У памкненьні быць Беларусьсю, у надзеі, што гэта станецца, заля была адзіная з артыстамі. І адзіная будучыня, якая абавязкова станецца — за Бураўкіным і за Барадуліным».