У Берасце завітае Мікалай Статкевіч
Пра гэта колішні кандыдат у прэзідэнты і палітвязень заявіў на сваёй старонцы ў Facebook. Там жа паведамляецца, што ён правядзе адкрытую сустрэчу ля кінатэатра “Беларусь” на перадвыбарчым пікеце Валера Фамінскага.
Лозунгамі сустрэчы будуць: “Лукашэнка павінен сысці!” і “Не дамо гандляваць краінай!”. “З першым лозунгам зразумела, а другі датычны хутчэй за ўсё сітуацыі вакол “інтэграцыйных дакументаў”, – лічаць ягоныя прыхільнікі.
Кажа берасцеец Валер Фамінскі: – Калі ў краіне адбываецца атамізацыя грамадзянскай супольнасці, ліквідацыя усялякага даверу да сілавых структураў, гэта краіна становіцца недадзяржавай. Вельмі падобна, што некаму выгадна дэзінтэграцыя дзяржслужбаў і іх маральнае знішчэнне. Тое самае, што мы назіралі прыкладна чатыры гады таму ў Крыме, на Данбасе, калі людзі згубілі павагу да мясцовых сілавых структур. І гэтыя структуры хутка перакінуліся ў іншы бок. Мне чамусьці здалося, што ў нас рыхтуецца такі ж „цікавы” сцэнар.
Сустрэча з Мікалаем Статкевічам запланавана 20 верасня, у 17:30, ля кінатэатра “Беларусь”, што на вуліцы Савецкай.