Грамадская акцыя

У Берасці на волю выйшаў Мікалай Статкевіч

Пасля пяцісуткавага арышту на волю выйшаў палітык Мікалай Статкевіч. Ён адбываў пакаранне ў ізалятары часовага ўтрымання Ленінскага РАУС Берасця за ўдзел у акцыі праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода.

Кажа Мікалай Статкевіч:

– Камеру ўсю завалілі ежай смачнай. Усё нармальна.

РР: Як сядзелася?

Мікалай Статкевіч: Дзейнічалі ў адпаведнасці з іхнімі інструкцыямі і законамі. Хаця інструкцыя іншы раз дурныя. Бо калі мірных алканаўтаў па некалькі разоў на дзень абшукваюць металашукальнікам, нават тапкі. Што хочуць знайсці, мне не зразумела. Але такія інструкцыі. Персанал дзейнічаў прафесійна. Усё нармальна. Па абсталяванню. Даруйце, 21 стагоддзе, 2 кіламетры да Польшчы. Брудны, цёмны, халодны падвал, з туалетам, абгароджаным сімвальчнай, метровай вышыні, сценачкай з аднаго боку. Калі казаць па іхнім дакументам, то працуе толькі начное асвятленне, дзённага няма ўвогуле. Праўда, у іх ёсць нейкія дзве камеры блатныя, адрамантаваныя. Мабыць яны падрыхтаваліся да візавага рэжыму, каб туды замежнікаў саджаць. Каб не зганьбіцца.

РР: Вы не перасякаліся з Сяргеем Пятрухіным? Яго нядаўна туды змясцілі таксама.

Мікалай Статкевіч: Я хацеў даведацца, акрамя мяне каго-небудзь пасадзілі ў панядзелак, ці не?

РР: У панядзелак – не.

Мікалай Статкевіч: А Пятрухіна за што?

РР: За тое ж самае.

Мікалай Статкевіч: Не, не перасякаліся. Перасякаліся ў панядзелак, пасля абеду. Нехта паклікаў мяне па прозвішчы. Мяне з суда адразу завезлі аднаго. Завезлі разам у аўтазаку ў суд. Але з суда мяне ўжо везлі аднаго. У мяне суд быў вельмі кароткі.

Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча: Ведаеце, я паталагічная аптымістка. Увесь час чакаю, што нехта з людзей, якія пры сілавых структурах, мяне здзівіць. Але, на вялікі жаль, яны мяне не здзівілі. Дзейнічаюць па вызначаных сцэнарах. І гэта людзі, якія таксама тут жывуць. Той самы завод, супраць якога пратэстуюць, пагражае таксама і ім, і іх сем’ям, іх будучыні ў такой жа ступені, як і тым, каго яны затрымліваюць.

Мікалай Статкевіч быў затрыманы ў мінулую нядзелю, адразу пасля сканчэння акцыі па „кармленні галубоў”. На плошчы, разам з прыхільнікамі сваёй партыі і некаторымі з праціўнікаў будаўніцтва заводу, ён выступіў з прамоваю на фоне транспаранта: „НЕ ЗАВОДУ АКБ”. 

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце. Фота аўтара