Праваабаронцы і грамадскія актывісты з Бярозы падалі заяўку на пікет 9 сакавіка. Яны прымеркавалі акцыю да дня, калі ў 1918 годзе Выканкам Усебеларускага з\’езду прыняў другую Устаўную грамату, у якой Беларусь абвяшчалася Народнай Рэспублікай (БНР). Актывісты хацелі нагадаць пра гэтую гістарычную падзею, а таксама выказаць пратэст супраць размяшчэння расійскіх ваенных баз на тэрыторыі Беларусі і наяўнасці палітвязняў.

Аднак Бярозаўскі райвыканкам адмовіў ініцыятарам, піша праваабарончы сайт “Вясна”. У адмову было адзначана, што мэта пікету змяшчае экстрэмісцкія мэты і распальванне міжнацыянальнай розні, кажа адзін з арганізатараў Сяржук Русецкі.

Дарэчы, па словах актывіста, летась ў райвыканкам падавалі аналагічную заяўку. Тады чыноўнікі палічылі экстрэмісцкімі мэтамі пратэст супраць наяўнасці расійскіх войскаў на тэрыторыі Украіны. Сёлета арганізатары выключылі гэты сказ з мэтаў акцыі, але чыноўнікі ўсё адно забаранілі пікет. Заяўнікі мяркуюць, што цяпер распальваннем нацыянальнай варожасці чыноўнікі палічылі пратэст супраць расійскіх ваенных баз на тэрыторыі Беларусі.

Еўрарадыё