Навіны

У Бярозе пададзена заяўка на пікет салідарнасці з палітвязнямі

4 жніўня, у Міжнародны дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі, традыцыйна акцыі праходзяць як за межамі Беларусі, так і ў самой краіне. У гэтым годзе праваабаронцы з Бярозы вырашылі правесці пікет салідарнасці з палітычнымі зняволенымі і з патрабаваннем іх вызвалення. Месца правядзення выбрана дазволенае ўладамі — каля ўваходу на Цэнтральны стадыён горада.

Гэта не першая спроба бярозаўскіх праваабаронцаў правесці публічнае мерапремства з мэтай прыцягнуць увагу на існаванне ў Беларусі палітычных зняволеных, але кожны раз яны атрымліваюць ад мясцовага райвыканкама адмову. Заяўкі на пікеты 4 жніўня яны падаюць ужо чацвёрты год запар. Для іх гэта асаблівы дзень, бо менавіта ў гэтую дату ў 2011 годзе быў арыштаваны іх калега Алесь Бяляцкі – кіраўнік Праваабарончага цэнтра „Вясна”. Нягледзячы на вызваленне Бяляцкага, праваабаронцы з Бярозы не збіраюцца адмаўляцца ад правядзення Дня салідарнасці, пакуль за кратамі будуць палітвязні.

Адзін з заяўнікаў пікета – праваабаронца Сяргей Русецкі адзначае:

-Надзеі, што нам дазволяць правесці пікет на такую вострую тэму, як наяўнасць палітвязняў, у нас мінімальныя. Чыноўнікі матывуюць свае адмовы тым, што гэтыя людзі пакараныя не за сваю грамадзянскую ці палітычную пазіцыю, а за ўчыненне крымінальных злачынстваў, паколькі ўсе яны пакараны за парушэнне розных крымінальных артыкулаў. Тым не менш, мы лічым неабходным гаварыць народу і тым жа чыноўнікам, што палітвязні ёсць.

Вясна\’96