Свята

У гэты дзень Беларусь стала незалежнай

Дарагія суайчыннікі!
 
Ад імя Беларускага Нацыянальнага Кангрэса Віншую вас з гадавінай незалежнасці Беларусі!
 
У гэты дзень, 25 жніўня 1991 года, парламент нашай краіны надаў Дэкларацыі аб суверэнітэце, прынятай ім годам раней, статус канстытуцыйнага закона. Беларусь стала незалежнай. Беларусы набылі ўласны Дом – сваю суверэнную дзяржаву. Наш народ узяў свой лёс ва ўласныя рукі.
 
Так, мы пакуль не заўсёды ўдала распараджаліся сваім лёсам і дазволілі падманшчыку ўзначаліць нашу краіну. Але нам удалося, нягледзячы на яго жаданне прадаць незалежнасць, адстаяць сваю дзяржаву. Гэта – галоўнае. Бо калі мы захаваем сваю дзяржаву, свой Дом, раней ці пазней мы здолеем навесці ў ім парадак, наладзіць годнае жыццё для ўсіх нас. Згубім свой Дом – згубім шанец на годнае жыццё на сваёй зямлі.
 
Зараз незаконны “перасідэнт” упускае ў Беларусь чужыя войскі. Гэта пагражае незалежнасці нашай дзяржавы, міру і бяспецы нашага народа. Мы павінны папярэдзіць патэнцыйных агрэсараў і здрадніка ва ўладзе, што будзем бараніць свабоду сваёй краіны.
 
8 верасня ў 19.00 на Кастрычніцкай плошчы Мінска Беларускі Нацыянальны Кангрэс пачне Акцыю папярэджання.

Вызвалім Беларусь ад унутранай акупацыі і не дапусцім знешняй агрэсіі!
 
Уладу – народу!
 
Жыве Беларусь!
 
Мікалай Статкевіч                                                       25 жніўня 2017 года