«У гэтым годзе дата 8 верасня – найважнейшая для беларусаў»
Бліскучая перамога Астрожскага нагадвае пра нашае права і абавязак зноў абараніць Радзіму ад акупантаў.
Пра гэта сайту Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу bnknews.org заявіў адзін з лідараў БНК Вячаслаў Сіўчык.
– 8 верасня стала шырока адзначацца як Дзень беларускай вайсковай славы з канца мінулага стагоддзя. Вы часта ўдзельнічалі ў святочных імпрэзах з нагоды гэтай даты. Якая з іх запомнілася больш за ўсё?
– Бліскучая перамога пад Воршай нашых войскаў пад кіраўніцтвам Канстанціна Астрожскага над маскоўцамі ў 1514 годзе давала сілы беларусам заяўляць пра сваё права і абавязак абараняць Радзіму ўжо ў наш час. Мне прыходзілася ў розныя гады ўдзельнічаць у святкаванні 8 верасня і ў Менску, і на Крапівенскім полі, дзе адбывалася бітва, і за мяжой.
Самае ўрачыстае святкаванне Дня беларускай вайсковай славы адбылася 8 верасня 1992 года ў Менску. Тады з ініцыятыве БЗВ, якім кіраваў Мікалай Статкевіч, была прынятая прысяга. Усё гэта выглядала дужа велічна і святочна. Вельмі раю паглядзець кадры менавіта з той акцыі, каб самім у гэтым пераканацца.
– У гэтым годзе Дзень беларускай вайсковай славы адзначаецца напярэдадні вучэнняў «Захад-2017».
– Таму ў гэтым годзе дата 8 верасня – найважнейшая для беларусаў. У Менску пройдзе Акцыя папярэджання напярэдадні манеўраў з удзелам расейскіх войскаў. Гэтыя войскі ўжо ўдзельнічаюць у войнах ва Украіне і ў Сірыі. А на нашай тэрыторыі гэтыя войскі будуць адпрацоўваць захоп паўночна-заходняй часткі краіны, якая мяжуе з Літвой і Польшчай.
Для Беларусі ўзнікаюць дзве страшныя пагрозы.
Першая. Нас спрабуюць раскалоць. Вядома, робяць гэта штучна. Але, зважаю, што тактыка расколу Украіны, якую маскоўскія паліттэхнолагі праводзілі з прэзідэнцкіх выбараў 2004 года, была для пуцінскага рэжыму паспяховай. Практычна гэта падрыхтоўка 2014 года, калі адбылася расейская анэксія Крыма і пачалася вайна на Данбасе.
Другая. Беларусь можа быць ўцягнутая ў вайсковыя авантуры Пуціна і нашая зямля зноў можа стаць арэнай вайсковых дзеянняў. На жаль, прагнозы аб магчымасці трэцяй сусветнай вайны – ужо не ўтопія. А для Беларусі, якая да нашага часу не адышла ад тых страт, якія панесла падчас I і II сусветных войнаў, гэта пагроза кожнай сям\’і, кожнаму гораду і вёсцы.
Таму вельмі непакоіць інфармацыя аб тым, што расейскія войскі могуць застацца пасля манеўраў. І колькі б не зняпраўджвалі гэта прадстаўнікі пуцінскага і лукашэнкаўскага рэжыму – веры ім няма. А калі ўсе гэтыя дзеячы хлусяць, што яны рабілі на нашых вачах не раз, то расейскія войскі гэта не толькі пагроза для нашай незалежнасці, гэта крок да вайны супраць нашых суседзяў. Таму заклікаю падтрымаць Акцыю супраць магчымай анэксіі і прыйсці 8 верасня а 19 гадзіне на Кастрычніцкую плошчу Менску.