Навіны

У Львове адбылася маштабная акцыя, прысвечаная ўгодкам Слуцкага збройнага чыну

27 лістапада 2011 года ў Львове адбылася маштабная акцыя, прысвечаная 91-м угодкам Слуцкага збройнага чыну, арганізаваная старшынёй Руху салідарнасці “Разам” Вячаславам Сіўчыкам, які пасля выбараў 2010 года вымушаны знаходзіцца ва Украіне.

На фота: Брат Мікалая Статкевіча Аляксандр разам з жонкай

Мерапрыемства пачалося ад самай раніцы ўшанаваннем памяці ўдзельніка паўстання 1863–1864 гадоў Сімона Шыдлоўскага на Лычакаўскіх могілках. Прадстаўнікі беларускай дэлегацыі разам з украінскімі сябрамі традыцыйна ўсклалі кветкі, запалілі знічкі, выступілі з ушанавальнай прамовай.

Працягнулася мерапрыемства канферэнцыяй, прысвечанай гістарычнай даце Слуцкага збройнага чыну. Да мерапрыемства далучыліся прадстаўнікі розных украінскіх партый разам з украінскімі дэпутатамі. Дэпутат львоўскай гарадской  Рады Тарас Семушчак прывітаў беларусаў і ў ходзе выступу падкрэсліў: “Беларусь сёння знаходзіцца у тым жа стане, у якім знаходзілася Украіна ў 90-х гадах найноўшай гісторыі. Так, вы маеце незалежную краіну, але, на жаль, вы не маеце нацыянальную краіну — тую краіну, за якую змагаліся і паміралі вашы народныя героі — слуцкія паўстанцы. І сёння на прыкладзе Беларусі мы, украінцы, бачым, што нельга дапускаць у краіне двухмоўя, нельга скіроўваць эканоміку сваёй краіны ў лапы лубянкаўскай Расіі. Нам з братамі-беларусамі неабходна выратоўваць свае нацыі, збудаваць Балта-Чарнаморскую супольнасць, якая стане для нас заслонай і ад азіяцкай Расіі, і ад краін Захаду. І Беларусь і Украіна сёння не маюць шчырых сяброў, а толькі тых, якія ажыццяўляюць свае інтарэсы на нашых землях. Затое мы маем агульных ворагаў, што робіць беларускі і ўкраінскі народ саюзнікамі”.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў распавёў: “Сёння беларусы адзначаюць Слуцкі збройны чын у вельмі цяжкай сітуацыі — на фоне рэпрэсій і вялікай колькасці палітвязняў. Гэта паказвае, што справа слуцкіх паўстанцаў не памерла, яна жыве і працягваецца ў нас, у тых людзях, якія пакутуюць за кратамі і змагаюцца за вольную Беларусь”. Ігар Лялькоў пералічыў для ўкраінскіх калег імёны 14 палітвязняў, ён таксама падкрэсліў: “Нядаўна на аднаго палітвязня стала яшчэ больш — гэта праваабаронца Алесь Бяляцкі, які быў асуджаны на чатыры з паловай гады. Сярод палітвязняў Беларусі таксама ёсць случчак — мужны чалавек і прынцыповы палітык Мікалай Статкевіч”, — працягнуў Лялькоў і перадаў слова запрошанаму на мерапрыемства брату Мікалая Статкевіча Аляксандру. Госць мерапрыемства падзякаваў грамадству за падтрымку палітвязняў і ў Беларусі, і ва Украіне. Ён распавёў пра стан здароўя Мікалая Статкевіча, пра ўціск яго ў турме і перадаў ад яго словы ўдзячнасці беларусам за падтрымку.

Старшыня Руху салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык адзначыў: “Нашы акупанты заўсёды лічылі беларускіх герояў ворагамі. З гэтай прычыны прадстаўнікі ўлады не маюць намеру ўшаноўваць тых людзей, якія змагаліся за сваю краіну. Але ёсць спісы слуцкіх змагароў, якія падчас захопу бальшавікамі нашых тэрыторый бралі ў рукі зброю і ішлі на смерць. Нядаўна адышоў у лепшы свет слынны беларускі дзеяч, навуковец, гістарыёграф Анатоль Белы. Ён усталяваў у сваім прыватным музеі ў Старых Дарогах помнік, прысвечаны ўдзельнікам Слуцкага збройнага чыну. Спадар Анатоль марыў, каб падобны помнік быў усталяваны і ў Слуцку. Усё ж спадзяемся, што мара Анатоля Белага калі-небудзь спраўдзіцца, і ўсе героі Слуцкага паўстання будуць ушанаваны пайменна”.

Вялізны 9-ціметровы бел-чырвона-белы сцяг быў разгорнуты ля гарадской Ратушы Львова. На фоне нашай святыні вядомы беларускі бард і ветэран беларускага народнага руху Андрэй Мельнікаў выканаў улюбёныя беларусамі хіты — “Слуцкія палкі”, “Мой народ”, “Месяц лістапад”, “Гэта мы”, “Війско підзэмнэй цэркві”, “Аршанская бітва”, “Кветка-шыпшына” і іншыя, даўшы двухгадзінны імправізаваны канцэрт. Жыхары Львова, замежнікі падыходзілі да беларускіх дэлегатаў, пыталіся пра акцыю, падтрымлівалі на словах, падыходзячы да мікрафону і віталі беларусаў.

Каля помніка народнага пісьменніка Украіны Тараса Шаўчэнкі працягнулася беларускае мерапрыемства. Да помніка быў запрошаны капелан УНА-УНСО айцец Назарый. Ён прачытаў малітву ў гонар змагароў Слуцкага збройнага чыну. В. Сіўчык патлумачыў: “Беларускі і ўкраінскі народ шмат чым падобныя. Мы маем агульнага самага жорсткага ворага — крывавы расійскі імперыялізм. З другога боку — і беларусы і ўкраінцы маюць шмат герояў, якія змагаліся і гінулі за волю сваіх краінаў, за сваю нацыю. І ў нас, і ў вас любыя знакавыя падзеі не пачыналіся без малітвы. Слуцкія паўстанцы ішлі ў бой з малітваю, яны ішлі паміраць, каб жыла бацькаўшчына”. Пасля малітвы ля помніка Тараса Шаўчэнкі, а пасля ля помніка Сцяпана Бандэры выступілі вядомы ўкраінскі палітвязень, палітык, герой Украіны Юрый Шухевіч, дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Андрэй Парубій, намеснік старшыні беларускага цэнтру ў Львове Юрась Карэтнікаў, дэпутат львоўскай гарадской Рады Тарас Семушчак, прадстаўнікі ВО “Свобода” і іншых арганізацый. Дэпутат Андрэй Парубій адзначыў: “91 год таму беларусы змагаліся і гінулі за сваю незалежную рэспубліку, за сваю нацыю, у той жа час ва Украіне ў Халодным Яры ў перыяд з 1918 па 1922 гады ўкраінскія нацыяналісты вялі вызвольную барацьбу супраць бальшавікоў. У той час у нас быў адзіны вораг — бальшавіцкая Расія. Сёння і ва Украіне і ў Беларусі той жа вораг — імперская Расія. Мы салідарныя з беларускім народам, вітаем і шануем разам з імі беларускіх герояў”.

Заключным акордам мерапрыемства стала шэсце бел-чырвона-белага сцяга да помніка нацыянальнага героя Украіны Сцяпана Бандэры. Гістарычны беларускі сцяг пралунаў над безліччу Львоўскіх вулачак.

Таццяна УЛАСЕНКА, НОВЫ ЧАС