Навіны

У Магілёве затрымалі паплечніка Мікалая Статкевіча.

У Магілёве на 72 гадзіны затрымалі сябра аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» Станіслава Паўлінковіча. Яго вінавацяць у разьмяшчэньні ў інтэрнэце відэароліка парнаграфічнага зьместу. Пра гэта паведаміла маці актывіста Натальля Паўлінковіч.

«Сьледчы Бяляева не паведаміла, дзе адбылося затрыманьне, але, хутчэй за ўсё, на працоўным месцы, бо дома наўрад ці. Ён падазроным людзям дзьвярэй не адчыняе. Затрымалі яго ў рамках распачатай крымінальнай справы на 72 гадзіны, як асобу, якая падазраецца ў зьдзяйсьненьні злачынства», — сказала Свабодзе Натальля Паўлінковіч.

Пра крымінальны перасьлед Станіслаў Паўлінковіч даведаўся 7 сакавіка, калі ў яго дома правялі ператрус і забралі кампутар. Актывіст абвінавачваньняў не прызнаў. Апошнім часам ён дамагаўся, каб яму вярнулі забраную тэхніку. Пісаў скаргі ў пракуратуру і міліцыю.

Натальля Паўлінковіч лічыць, што сына перасьледуюць за ягоную грамадзкую актыўнасьць. Абвінавачваньні яна называе абсурднымі.

«Заяўляюць, што нібыта Станіслаў разьмясьціў на сваёй старонцы ў інтэрнэце ролік парнаграфічнага зьместу і такім чынам паспрыяў распаўсюджваньню парнаграфіі. Доказаў не прадставілі. Я знайшла старонку і, зразумела, ніякай там парнаграфіі не было, — кажа Натальля Іванаўна. — Сьледчыя дзеяньні яны распачалі з прычыны таго, што Станіслаў напісаў скаргу на міліцыянтаў, якія забралі кампутар. Ён займаецца палітыкай, езьдзіць на мітынгі ў Менск, дзе неаднойчы затрымліваўся. Пяць сутак правёў у ізалятары на Акрэсьціна, потым у Жодзіне. Нам, бацькам, ніхто пра гэта не паведаміў. Таму Станіслава ў спакоі не пакідаюць і прыпісваюць яму распаўсюд парнаграфіі».

У 2016 годзе на Станіслава Паўлінковіча распачыналі адміністрацыйную справу за перапост паведамленьня Мікалая Статкевіча з заклікам на акцыю «Патрабуем сапраўдных выбараў» 12 верасьня ў Менску. Да суду тую справу не давялі.

Актывіста запісалі былі ў «дармаеды» і абавязвалі сплаціць падатак у 360 рублёў паводле дэкрэту № 3. На сваіх старонках у сацыяльных сетках ён зьмяшчаў абвесткі пра акцыі пратэсту супраць дэкрэту «аб дармаедах».

Радыё Свабода