Здарэнні

У менскім метро затрымалі распаўсюдніка кніг у цішотцы «Азоў»

Пры ператрусе Міраслава Лазоўскага ў міліцыянтаў выклікалі падазрэнне кнігі Віктара Казько «Час збіраць косці». Іх назвалі «падрыўной літаратурай».

7 ліпеня а 9.30 раніцы на станцыі метро «Кунцаўшчына» быў затрыманы грамадскі актывіст Міраслаў Лазоўскі. Падрабязнасці інцыдэнту «Салідарнасці» распавяла былая жонка затрыманага Ніна Шыдлоўская.

Паводле яе слоў, увагу дзяжурыўшых на станцыі міліцыянтаў прыцягнула майка Міраслава з надпісам «Азоў», прывезеная ім з Украіны.

Лазоўскага адвялі ў апорны пункт для дагляду. У заплечніку ў яго знайшлі набор кніг – Міраслаў супрацоўнічае з выдавецтвам «Беларускі кнігазбор» у якасці распаўсюдніка.

– Міліцыянтам чамусьці здаліся падазронымі кнігі Віктара Казько «Час збіраць косці», якія яны назвалі «падрыўной літаратурай», – распавяла Ніна Шыдлоўская.

Пасля гэтага Міраслава адвезлі ў АУС аховы менскага метрапалітэна, размешчанае па адрасе плошча Незалежнасці, 6.

Субяседніца расказала, што ёй удалося ўбачыць у АУС Міраслава Лазоўскага.

– Мы чакалі начальніка, каб даведацца пра прычыны затрымання. Але пазней нам сказалі, што кіраўніцтва ўжо з\’ехала і трэба звяртацца ў суд па месцы затрымання, гэта значыць, у суд Фрунзенскага раёна.

У АУС аховы менскага метрапалітэна карэспандэнту выдання адмовіліся расказаць пра прычыны затрымання Лазоўскага, параіўшы звярнуцца ў прэс-службу ГУУС Менгарвыканкама. На гэты момант атрымаць каментар у прэс-службе не ўдалося.