У Менску асуджаным на содні палітычным актывістам не перадаюць перадачы
Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) ГУУС Мінгарвыканкама перастаў прымаць перадачы для затрыманых — “у сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўкай”. Гэтую інфармацыю апублікавала ў сябе ў Facebook Марына Адамовіч, жонка апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча, які цяпер адбывае там арышт, піша TUT.BY.
Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіч, які зараз адбывае 15-дзённы арышт, напісала ў сваім Facebook, што ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў у Менску зараз не прымаюць перадачы. Прычына – нібыта эпідэміялагічная абстаноўка.
«ЦІП. Зараз. Шыльду памянялі за 10 хвілін, на працягу якіх я пісала скаргу. Да гэтага вісела лаканічнае: Прием передач не осуществляется», – кажа яна.
З такой жа сітуацыяй сутыкнулася і Вольга Севярынец – жонка палітыка Павела Севярынца, асуджанага на 15 содняў за ўдзел у пікеце 7 чэрвеня.
«Да Пашы звычайна падсаджваюць бесхацінцаў з вошамі, адзіная магчымасць абараніцца ад іх – змяняць вопратку. Перадачы перадаваць нельга: вопратку перадаць нельга, нармальную ежу перадаць нельга, нават, прабачце, нельга перадаць туалетнай паперы… Я ўжо не кажу, што ў тых умовах без кнігі, паперы, газеты проста хочацца застрэліцца», – абураецца яна.
Праваабарончая арганізацыя «Прававая ініцыятыва» кажа, што раней у ГУУС Менску ім паведамлялі, што ЦІП робяцца ўсе магчымыя захады для супрацьдзеяння распаўсюду інфекцыі.
Праваабаронцы нагадваюць, што згодна з заканадаўствам адміністрацыйныя арышты мусяць адбывацца ва ўмовах, якія выключаюць пагрозу для жыцця і здароўя.
Па нумары дзяжурнага ў ЦІП TUT.BY пацвердзілі, што з 10 чэрвеня перадачы часова не прымаюцца “з-за неспрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўкі”. Як доўга працягнецца гэты забарона, дзяжурны растлумачыць не змог.
— Гэта значыць сваякі не змогуць перадаць нават ваду або сродкі гігіены?
— Перадачу не прымуць.
Прэс-афіцэр ГУУС Мінгарвыканкама Надзея Ганусевіч пацвердзіла TUT.BY, што ў ЦІП часова не прымаюць перадачы.
— Гэтыя абмежаванні прадугледжаныя ўнутранымі дакументамі ГУУС Мінгарвыканкама і працягнуцца да паляпшэння эпідэміялагічнай абстаноўкі.
На пытанне, чаму гэтыя абмежаванні не ўвялі раней, калі эпідэміялагічная сітуацыя ў Мінску была больш напружанай, TUT.BY у міліцыі не адказалі.
Паводле звестак Праваабарончага цэнтра “Вясна”, цяпер у ЦІП на Акрэсціна знаходзяцца мінімум некалькі чалавек з ініцыятыўных груп Святланы Ціханоўскай і Вольгі Кавальковай, а таксама тыя, каго затрымалі на пікетах па зборы подпісаў.
З 31 траўня ў ЦІП знаходзіцца Мікалай Статкевіч, якога асудзілі на 15 дзён адміністрацыйнага арышту.
З 5 чэрвеня адбывае арышт мадэратар сацыяльных сетак YouTube-канала «Краіна для жыцця» Зміцер Папоў, якога затрымалі ў Мазыры. Таксама там знаходзяцца аўтар канала “Мазыр для жыцця” Аляксандр Цуканаў і ягоны сябар Дзяніс Колас, фермер Аляксандр Венгура, пра які здымаў сюжэт блогер Сяргей Ціханоўскі. Кожны з іх атрымаў па 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
Акрамя гэтага, як паведамляе «Вясна», пасля судоў 8 чэрвеня ў ЦІП павінны знаходзіцца Валянцін Фралоў з ініцыятыўнай групы Вольгі Кавальковай, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Алег Баброўскі, Павел Севярынец, Вольга Нікалайчык, сябры “Народны грамады” Рыгор Пагарцаў і Вераніка Мішчанка.