Навіны

У Менску працягваецца зачыстка перад чэмпіянатам свету па хакеі

На працягу апошніх двух тыдняў супрацоўнікамі міліцыі былі затрыманыя больш за 20 актывістаў апазіцыі. Праваабаронцы звязваюць арышты з правядзеннем чэмпіянату свету па хакеі ў Менску.

Рух «За свабоду» асуджае адвольныя затрыманні ў Менску напярэдадні чэмпіяната свету па хакеі, адзначае намеснік старшыні арганізацыі Юры Губарэвіч. Па яго словах, такая практыка абсалютна недапушчальная і толькі яшчэ больш шкодзіць іміджу Беларусі ў свеце.

– Гэта разбурае імідж беларускай краіны. Дыктатура пацвярджае, што правы і свабоды грамадзян тут не ўяўляюць каштоўнасці, што дастаткова адвольных і прыдуманых нагодаў, каб дзясяткі людзей кідаць у турмы. Гэта ўсё не будзе спрыяць ні Беларусі, ні рэжыму Лукашэнкі ў паляпшэнні іміджу ў вачах замежных гасцей, якія масама прыедуць на гэтыя дні ў Беларусь. Мы лічым, што падобная практыка мусіць быць спынена.

Хваля выпадкаў пераследу грамадскіх актывістаў у апошнія дні пракацілася па ўсёй Беларусі – ад Берасця і Гародні да Гомеля. Актывістаў, як правіла, судзяць за дробнае хуліганства і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, садзяць на суткі, каб актывісты ніяк не маглі праявіць сябе ў час правядзення ў Беларусі хакейнага чэмпіянату.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

* * * 

Напярэдадні адкрыцця чэмпіянату свету па хакеі адбыўся шэраг затрыманняў, судоў і позваў у міліцыю грамадскіх і палітычных актывістаў.

Напярэдадні міліцыя забрала з дому актывістку “Еўрапейскай Беларусі” Алену Лазарчык, а сёння прыйшлі на працу і павезлі ў суд Маскоўскага раёна Менска яе мужа Сяргея Мацкойця, паведаміла актывістка “Еўрапейскай Беларусі” Марыя Касьян:

– Яму далі 20 сутак, суд Маскоўскага раёна артыкул 17.1 (дробнае хуліганства). Яго забралі з працы, сёння завезлі ў суд. Адзінае мы пакуль не ўдакладнілі прозвішча суддзі, бо яны пакуль яшчэ справу не перадалі ў канцылярыю. Яны яго паў дні везлі судзіць, таму ў нас не атрымалася ўдакладніць гэтую інфармацыю.

За апошнія два тыдні агулам былі затрыманыя міліцыяй каля 20 актывістаў апазіцыі. Па абвінавачанні ў дробным хуліганстве, да 15 сутак адміністрацыйнага арышту напярэдадні быў прысуджаны грамадскі актывіст, мадэратар суполкі “Толькі ШОС” Андрэй Ткачоў.

Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Стала вядома пра  арышт актывістаў “Еўрапейскай Беларусі”. “Сёння судзяць двух нашых калегаў па артыкуле – дробнае хуліганства,” – паведаміла  Юлія Сцяпанава з “Еўрапейскай Беларусі”:

– Леанід Кулакоў, якога затрымалі ўчора ўвечары. Да яго дахаты прыйшоў нарад міліцыі. Яго асудзілі на 10 сутак па артыкуле 17. ч.1 за тое, што ён нібыта сварыўся матам. Другога актывіста “Еўрапейскай Беларусі” Сяргея Мацкойця арыштавалі на працы. Зараз яго вязуць у суд Маскоўскага раёна. 

Як расказала Юлія Сцяпанава, учора ўвечары затрымалі таксама актывістку «Еўрапейскай Беларусі» Алену Лазарчык:

– Да грамадзянскай жонкі Сяргея Мацкойця – Лазарчык Алены – ноччу прыехаў нарад міліцыі. У іх з Сяргеем маленькае дзіця, якому яшчэ не споўнілася і паўгода. Яе забралі з кватэры, цягам ночы проста вазілі па горадзе, а раніцай – адпусцілі.

Нагадаем, цягам апошніх двух тыдняў супрацоўнікамі міліцыі былі затрыманыя каля 20 актывістаў апазіцыі. Праваабаронцы звязваюць арышты з правядзеннем чэмпіянату свету па хакеі ў Менску.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Затрыманні і арышты напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі працягваюцца. Як правіла, актывістаў затрымліваюць выключна па сфабрыкаваных і аднатыпных абвінавачваннях – “дробнае хуліганства”, “непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі”.

Па стане на 7 траўня пад арыштам на працяглыя тэрміны знаходзіцца 17 актывістаў, пакараных тэрмінамі ад 10 да 25 сутак арышту, гаворыць Уладзімір Лабковіч з Праваабарончага цэнтру “Вясна”:

– Безумоўна, мы рашуча асуджаем гэтыя незаконныя дзеянні па затрыманні актывістаў. Лічым гэта абсалютна недапушчальным і расцэньваем як адвольныя затрыманні. І нягледзячы на чэмпіянат і паказную адкрытасць Беларусі, хваля палітычных рэпрэсій толькі ўзмацнілася.

Актыўнае “паляванне” на актывістаў розных грамадскіх рухаў і партый працягваецца. Сёння быў затрыманы ў Гомелі Зміцер Карашкоў, у Менску супрацоўнікі міліцыі расшукваюцьМарыну Хоміч, Антона Жылко, Артура Фінькевіча і Зміцера Кавалгіна.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

У Менску працягваюцца арышты грамадска-палітычных актывістаў напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі. На 20 сутак арышту за дробнае хуліганства асуджаны сябры “Маладога Фронту” Мікалай Дземідзенка і Міхаіл Мускі.

Маладафронтаўца Дзмітрыя Крамянецкага аштрафавалі на 15 базавых велічынь – гэта больш за 2 мільёны рублёў. З прысудам маладафронтавец не згодны:

– Я не ведаю, за што схапілі. Мы з Міхасём Мускім працавалі на будоўлі. Выйшлі ў краму купіць паесці. Калі ішлі назад, да нас падбеглі людзі ў цывільным, павалілі на зямлю, збілі, зацягнулі ў мікрааўтобус і прывезлі ў Ленінскі РАУС. Міхасю ўжо далі 20 сутак. Я таксама разлічваў на суткі, але мне далі 15 базавых. Амапаўцы працавалі па зладжанай схеме: нібы мы лаяліся матам, махалі рукамі, Міхась яшчэ не падпарадкоўваўся. Хоць усё было, вядома, не так – ніхто не лаяўся.

Дзмітрый Крамянецкі лічыць, што міліцыя вяла паляванне на Міхася Мускага, а ён проста трапіў пад гарачую руку, таму і не атрымаў сутак. Але каб пазбегнуць новага затрымання, ён збіраецца на час Чэмпіянату свету па хакеі з\’ехаць з Менска.

Сітуацыю каментуе праваабаронца Наста Лойка:

– Мы актывістаў стараемся папярэдзіць, што не варта ім знаходзіцца ў Менску. І раім з’ехаць з горада, бо гэта адзіная магчымасць пазбегнуць арышту. “Пад раздачу” трапілі людзі абсалютна розных кірункаў, напрыклад, актыўна закранаюць нават фанацкі сектар. І шмат увагі да нацболаў, якія вывесілі расцяжку на днях. 

Паводле Насты Лойкі, праваабаронцы будуць звяртаць увагу як беларускіх уладаў, так і міжнароднай супольнасці на гэтыя парушэнні правоў грамадзян.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Слухайце тут…

#minsk2014  #минск2014  #мінск2014 #worldcup2014 #hockey2014 #хоккей2014 #belarus2014 #icehockey2014