Навіны

У Менску прэзэнтавалі кнігу, якая дапаможа вязьням выжыць у турме

“Радыё Свабода” 26 красавіка вяла жывую відэатрансьляцыю з прэзэнтацыі кнігі прафэсара Юрыя Бандажэўскага «Турма і здароўе». 

Прэзэнтацыя адбывалася ва Ўправе БНФ (Чарнышэўскага 3а, Менск).

Глядзець відэа Глядзець відэа


19:30 Юры Бандажэўскі: «Трэба ня быць статкам, якім нехта кіруе. Трэба супраціўляцца, верыць у сваю сілу. Тады можна дамагчыся таго, што мы хочам. І яшчэ я жадаю маладому пакаленьню інтэлектуальнага росту. Усім вялікі дзякуй за ўвагу да мяне. Удзячны Радыё Свабода за ўсё, што яны робяць. Я памятаю, як у мяне сьлёзы набягалі, калі я чуў Каліноўскага ў зьняволеньні. Гэта набліжала мяне да майго дому. Я не магу нікуды прыехаць, бо знаходжуся ў выгнаньні. Але я побач зь Беларусьсю, дыхаю гэтым паветрам, нават клімат такі, як у Беларусі, — роднае Палесьсе. Абдымаю ўсіх. Сустрэч на свабодзе!»

Імпрэза скончылася. Кожны з удзельнікаў можа атрымаць кнігу «Свабода ў турмах».

19:25 Выступае Людміла Гразнова: «У 1999 годзе на нас абрынулася вялізная колькасьць падзеяў. Тады мы былі ў разгубленасьці. Тое, што адбылося з Бандажэўскім, магчыма, не было намі расцэненае патрэбным чынам. Цяпер мы разумеем, што тое, што адбылося, гэта не эпізод, не выпадковасьць, не асабістая помста, а сыстэмны выпадак. Я была пад асабістым уражаньнем, калі мы езьдзілі да Бандажэўскага ў калёнію. Быў цудоўны травеньскі дзень. Бандажэўскі быў у цудоўнай спартовай форме, актыўны. Мы былі вельмі ўражаныя. Бандажэўскі — гэта будучы міністр аховы здароўя!» — падсумоўвае Людміла Гразнова.

19:15 Слова бярэ кіраўнік ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч: «Гледзячы на кнігу Бандажэўскга, у мяне супярэчлівыя пачуцьці. З аднаго боку, мне вельмі радасна, што зьявілася кніга, настолькі патрэбная розным людзям. Але мне сумна, што такіх людзей ёсьць столькі цяпер. Адзін з самых важных камітэтаў у міжнародным ПЭН-клюбе называецца „Пісьменьнік у зьянволеньні“. На жаль, у яго найбольш працы з усіх. Калі глядзець на гісторыю беларускай літаратуры зь сярэдзіны 19 стагодьдзя, нічога сутнасна не мяняецца. Яна адбываецца паміж Пішчалаўскім замкам, Акрэсьціна, Бабруйскам…»

«Адна з важных праяваў свабоды ў турмах — беларуская літаратура», — кажа Хадановіч. Ён нагадвае, што кнігі, натхнёныя сваім турэмным досьведам, напісалі Ўладзімер Някляеў і Аляксандр Фядута. Цяпер ёсьць ужо і літаратуразнаўства ў турмах, — кажа Хадановіч, маючы на ўвазе напісаную ў зьняволеньні кнігу Алеся Бяляцкага.

Андрэй Хадановіч абвяшчае, што беларускі ПЭН-цэнтар і Радыё Свабода засноўваюць прэмію імя Францішка Аляхновіча — за найлепшы твор, напісаны ў зьняволеньні. Вынікі будуць абвешчаны 10 сьнежня ў Міжнародны дзень правоў чалавека. Твор-пераможца прагучыць на Радыё Свабода. Творы можна дасылаць да 1 сьнежня.

Валянціна Аліневіч

Валянціна Аліневіч

19:05 У залі прысутнічае маці палітвязьня Ігара Аліневіча Валянціна. Яна дасылала раздрукоўкі артыкулаў Бандажэўскага сыну ў турму. «Юры Іванавіч сказаў, што гэтая кніга ня толькі для зьняволеных, але і для іх сем’яў. Нашыя хлопчыкі і так кажуць, што нам нашмат цяжэй, чым ім там. Гэтая кніга для тых, хто трапляе ў экстрэмальную сытуацыю. А тое, як мы цяпер жывем, гэта і ёсьць экстрэмальная сытуацыя. Паглядзіце, што ў нас робіцца. Мы і тут за кратамі, і там за кратамі. Мы скардзімся, што мы нічога ня можам зьмяніць, а Юры Іванавіч нам давёў, колькі можа зрабіць адзін чалавек. Я яго асабіста ня ведаю, але цеплыню ягонага сэрца я вельмі адчуваю». Нават у Расеі гэтая турэмная сыстэма больш адкрытая. Дзе наша праваслаўная царква? Чаму б ёй ня ўзьняць свой голас, калі людзі зьнішчаюцца, будучыня зьнішчаецца? Дзе Чырвоны крыж, якому ўсё жыцьцё грошы здавалі? Ён жа створаны для таго, каб абараняць зьняволеных?! — задае пытаньні Валянціна Аліневіч. Ігар Аліневіч толькі што бачыўся з адвакатам і перадаў зь ім віншаваньні Бандажэўскаму з турмы. «У сваю зарадку ўключыў шэраг практыкаваньняў», — напісаў Ігар.

19:00 На экране — відэа практыкаваньняў, якія апісаныя Юрыям Бандажэўскім у кнізе. Выконвае іх былы зьняволены Сяргей Скрабец. Ён прысутнічае ў залі. «Калі я знаходзіўся за кратамі, то я слухаў Радыё Свабода. У Віцьбе была такая магчымасьць, — кажа Скрабец. — Гэта важна, што вы выходзіце і падтрымліваеце. Кніжку я ўважліва чытаў. Ужо можна яе параіць шмат якім нашым чыноўнікам, бо ім жа кожны тыдзень кажуць, што яны за краты сядуць. У нашай краніе — гэта адназначна будзе бэстсэлер».

Сяргей Скрабец

Сяргей Скрабец

18:55 На экране — відэа з 5-й Івацэвіцскай калёніі. Алена Струвэ пытаецца ў Ігара Міхнаўца, як склаўся лёс тых, каго мы бачым на экране. «Адзін зь іх ужо памёр, бо ў калёніях неадэкватная мэдыцына. Яму паставілі няправільны дыягназ, цягнулі. У яго ВІЧ быў. Проста на насілках прынесьлі на суд. Вызвалілі яго ўмоўна-датэрмінова. І літаральна праз 5 дзён ён памёр у Бараўлянах. Іншыя — хтосьці вызваліўся, працуе, а хтосьці дагэтуль адбывае тэрмін».

18:50 Былы зьняволены Ігар апавядае пра свой турэмны досьвед: «Ёсьць мэтады псыхалягічнага ўціску: камэру выводзяць у калідор, усе рэчы выносяць, ганяюць з сабакамі. Але хачу сказаць, што дзякуючы ўвазе і падтрымцы Радыё Свабода, было лягчэй сядзець у калёніі, дзе я быў разам зь Мікалаем Аўтуховічам. Кіраўніцтва баіцца розгаласу. Дзякуй вам! За ўсю інфармацыю, якую мы перадавалі Радыё Свабода, заўжды каралі. Дзесяць сутак ШЫЗА як мінімум. Але ўнутраная свабода даражэй».

За ўсю інфармацыю, якую мы перадавалі Радыё Свабода, заўжды каралі. Дзесяць сутак ШЫЗА як мінімум

18:45 Пытаньне з залі: «Як мэдык і былы вязень, скажыце, што зрабіць, каб рэфармаваць дзейную мэдычную сыстэму ў беларускіх турмах?»

Бандажэўскі: «Мэдычная сыстэма ўвогуле патрабуе рэфармаваньня. Бо большасьць людзей маюць праблемы са здароўем. І тыя мэтады, якія прымяняюцца, не даюць эфэкту. Людзі працягваюць хварэць і паміраць у маладым узросьце. Сыстэму трэба мяняць. У свой час я падаў рэформу аховы здароўя. Трэба павярнуцца тварам да людзей — не на словах, а на справе. Трэба скіраваць намаганьні на тое, каб папярэдзіць хваробы. Прафіляктычная мэдыцына мусіць заняць асноўнае месца. Пэнітэнцыярная сыстэма — люстэрка ўсёй дзяржаўнай сыстэмы аховы здароўя. Пэнітэнцыярная сыстэма выродлівая па сваёй сутнасьці, бо зьняволены мусіць быць слабы — каб рабіць зь ім усё, што заўгодна. Таму і вынікі такія: многія з тых, хто выйшаў з турмы, страчваюць здароўе».

У залі

У залі

18:40 Валер Каліноўскі апавядае, як у 2004 годзе стаў першым журналістам, які ўзяў інтэрвію ў Юрыя Бандажэўскага ў калёніі-пасяленьні ў вёсцы Гезгалы. «Бачу, ідзе чалавек з выгляду як майстар ці брыгадзір. Ня скажаш, што гэта вязень. Прыйшоў нейкі начальнік у «сьпяцоўцы». А гэта быў Бандажэўскі. Мяне ўразіла ягоная добрая фізычная форма. Ён пахваліўся, што ягоныя біцэпсы — 46 сантыметраў. І расказаў падрабязнасьці — колькі разоў у яго былі апэрацыі, як няправільна турэмныя лекары ставілі дыягназы, што стан быў такі складаны, што даводзілася трымацца за сьценку. А потым ён узяўся сам за сваё здароўе. Падрабязнае інтэрвію надрукаванае ў кнізе «Адзін дзень палітвязьня».

18:35 На экране фотагалерэя здымкаў з калёніі на вуліцы Кальварыйскай, дзе падчас зьняволеньня знаходзіўся Юры Бандажэўскі і пачаў практыкаваць там сваю сыстэму выжываньня.

Будучыня навукі ў тым, каб удасканальваць сыстэму выжываньня

18:30 Першае пытаньне да Юрыя Бандажэўскага з залі: «Якая маецца навуковая літаратура па гэтай тэме? Якія крыніцы вы выкарысталі?» Адказвае Юры Бандажэўскі: «Калі я пісаў гэтую кнігу ў 2003 годзе, асаблівай літаратуры не было. Мне даводзілася як навукоўцу паверыць у тыя практыкі. І я стаў іх прымяняць проста для таго, каб выжыць. Навука выжываньня вельмі актуальная цяпер, але яшчэ не разумеюць, што гэта адна з асноўных навук. Бо экалягічная сытуацыя пагражальная. І будучыня навукі ў тым, каб удасканальваць сыстэму выжываньня. Яе трэба ствараць як навуку. Нейкія спробы мы зараз робім. Адкрываем міжнародны праект у Іванкаве, гэта гарадзкі пасёлак, які знаходзіцца на мяжы зь Беларусьсю, у Чарнобыльскай зоне. Там такі праект будзе актуальны. На яго патрачана 5 гадоў маёй працы сумесна з калегамі зь іншых краінаў».

18:20 На скайп-сувязі аўтар кнігі Юры Бандажэўскі. Ён знаходзіцца ў Кіеве. Усе прысутныя ў залі могуць перадаваць яму пытаньні. Слова бярэ рэдактар кнігі Алена Панкратава: «Гэта першая мэдычная кніга на беларускай мове. Многія тэрміны, якія Юры Іванавіч даваў, проста даводзілася ізноў шукаць. Працавалася зь ім вельмі цікава. Юры Іванавіч раіў, што ў любых умовах трэба шукаць магчымасьці выжыць. Я вельмі ўдзячная лёсу за гэтае знаёмства і вельмі хацела б, каб гэтая кніга дайшла да адрасата — трапіла ў калёніі і турмы».

Гучаць словы Юрыя Бандажэўскага да ўдзельнікаў імпрэзы: «Жадаю вам сілы волі. Калі чалавек трапляе ў зону пазбаўленьня волі, пакутуе ня толькі ён, але і ягоныя блізкія. Шмат у якіх прысутных тут жонак і мацярок іхныя сваякі маюць вялікія тэрміны зьняволеньня. Яны кожны дзень спрабуюць захаваць здароўе. Я ня маю вялікіх ілюзій наконт таго, што мая кніга можа вырашыць усе праблемы. Але яна будзе карысная як прыклад супраціву сытуацыі, у якой знаходзіцца чалавек. Я яе зьбіраў па кавалках якраз у тых турэмных умовах, калі ўжо пачаў „развальвацца“. Некаторыя спосабы, якія нават далёкія ад традыцыйнай мэдыцыны, дазволілі мне выжыць. Я хачу, каб гэтая кніга была маральнай апорай тым, хто пакутуе ў месцах пазбаўленьня волі. Я хачу, каб яны паверылі, што яны абавязкова выйдуць, што ўсё ў жыцьці яшчэ будзе. Я хачу менавіта гэтага. З гэтай мэтай кніга і была напісаная — як досьвед зьняволенага, мэдыка і проста чалавека, які не пагадзіўся з сытуацыяй, у якую ён трапіў».

«Турма і здароўе»

Як зьняволенаму выстаяць у экстрэмальных умовах беларускай турмы? Былы вязень сумленьня, доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскіна падставе ўласнага досьведу напісаў дапаможнік, адрасаваны вязьням, якія не зьбіраюцца здавацца ва ўмовах няволі.

Праца над кнігай пачалася яшчэ ў турме. Прафэсар Бандажэўскі расказвае, як сам змагаўся з набытымі ў няволі хваробамі, пра найбольш распаўсюджаныя захворваньні вязьняў і пра самалячэньне, пра турэмную «народную мэдыцыну» і фізычную загартоўку за кратамі, пра ролю, якую ў падтрымцы энэргетычнага мэтабалізму адыгрываюць прыход да веры, штодзённая актыўная разумовая дзейнасьць і маральная дапамога вязьню звонку. Як навуковец-радыёляг аўтар спыняецца на ўплыве чарнобыльскага фактару на здароўе зьняволеных.

Юры Бандажэўскі выказвае падзяку журналістцы Радыё Свабода Алене Струвэ, дзякуючы супрацы зь якой і нарадзілася гэтая кніга.

«Гэтая кніга — стымулятар жыцьцёвых сіл, каб не зьмірыцца з сытуацыяй, — кажа Юры Бандажэўскі. — Навука выжываньня сёньня скрайне актуальная, бо ў сьвеце шмат экстрэмальных сытуацый. Я жадаю ўдзельнікам сёньняшняй прэзэнтацыі ўсяго самага найлепшага. А сваякам — найхутчэй пабачыць сваіх блізкіх. Верце ў гэта. Свабода для вашых блізкіх будзе».

18:15 Валянцін Жданко, дырэктар Менскага бюро Радыё Свабода: «Кніга, якую я зараз трымаю ў руках, незвычайная. Кожная кніга з нашай сэрыі „Бібліятэка Свабоды“, якіх ужо выйшла сорак, незвычайная. Але ўпершыню на вокладцы побач словы „турма“ і „здароўе“. Для кожнага, хто трапляе ў турму, „свабода“ і „здароўе“ — гэта абсалютныя каштоўнасьці. Незвычайны кошт, які заплаціў аўтар гэтай кнігі Юры Бандажэўскі. Кожны радок, кожная старонка аплочаная ягоным асабістым здароўем і асабістай свабодай. Для мяне несумненна, што незвычайны лёс чакае гэтую кнігу. Яна будзе надзвычай запатрабаваная тымі, хто апынуўся ў няволі. Яна будзе цікавай тым, каму выпала там быць. І тыя, каму яшчэ наканавана пазбавіцца волі. І, на жаль, яны будуць. Яе будуць перадаваць разам зь перадачамі. Вязьні будуць прасіць яе ў сваіх лістах. Кніга напісаная па-беларуску, што мяне цешыць, бо ў месцах, куды яна трапіць, беларуская мова гучыць ня часта. Нам шмат прыйшло на Свабоду лістоў з просьбай даслаць гэтую кнігу. Мы стараемся выканаць усе гэтыя просьбы. На заканчэньне я шчыра віншую ўсіх, хто меў дачыненьне да стварэньня гэтай кнігі. Жадаю вам заўсёды заставацца са свабодай і са здароўем. І ніколі не сустракацца з турмой».

Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

18:10 Людміла Гразнова пра Юрыя Бандажэўскага: «Гэта выбітны чалавек. Прафэсар, самы малады доктар навук Рэспублікі Беларусь. Дасьледчык Чарнобыльскай тэмы. Ахвяра палітычных узрушэньняў. Гэта чалавек, які паказвае, як трэба выжываць, як трэба жыць, як трэба несьці сваю годнасьць».

18:05 Прзэнтацыя пачалася з словаў аднаго зь вядоўцаў Валера Каліноўскага. Ён тлумачыць, што аўтар кнігі Юры Бандажэўскі ня можа прыняць удзел асабіста, але зь ім будзе сувязь па скайпе.

Валер Каліноўскі

Валер Каліноўскі

«Ці зможа гэтая кніга трапіць за краты?» — задае Каліноўскі пытаньне рэдактарцы кнігі Алене Панкратавай.

«Мы будзем рабіць усё магчымае, — адказвае Алена. — Будзем спрабаваць дасылаць кнігу ў бібліятэкі».

Рэдактарка кнігі Алена Струвэ

Рэдактарка кнігі Алена Струвэ

Каліноўскі зьвяртаецца да ўсіх сваякоў зьняволеных, каб яны паспрыялі дастаўцы кнігі за краты

Валер Каліноўскі: «Кожнаму з 14 беларускіх палітвязьняў Юры Бандажэўскі падпісаў кнігу асабіста. Спадзяемся, што яна да іх трапіць».

Радыё Свабода