У Менску судзяць удзельнікаў акцыі салідарнасці з прафсаюзам РЭП
27 жніўня ў судзе Маскоўскага раёну сталіцы разглядаюць справы затрыманых за акцыю каля Дому правасуддзя. Сярод іх – апазіцыйны лідар Мікола Статкевіч.
Судовае паседжанне пачалося а 09:30.
Акцыя салідарнасці адбылася 24 жніўня – пасля вынясення прысуду лідарам прафсаюзу РЭП. Актывістаў, якія пратэставалі супраць абвінаваўчага прысуду, затрымалі. Выходныя яны правялі ў ізалятары часовага ўтрымання.
ПЦ «Вясна» падаў спіс затрыманых: Мікола Статкевіч, Алесь Абрамовіч (Барысаў), Вольга Нікалайчык, Леанід Кулакоў, Мая Наумава, Уладзімір Неўмяржыцкі, Павел Мрочка (Брэст), Аляксандр Чмыхаў (Бабруйск), Максім Вінярскі, Тамара Зайцава (Калінкавічы), Андрэй Хрэнкоў.
Алеся Абрамовіча, які мае інваліднасць, вызвалілі яшчэ ў пятніцу і ўручылі яму позву з’явіцца ў суд у панядзелак аб 11-ай.
Пратаколы на затрыманых складалі паводле арт. 23.34 («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»), але на Маю Навумаву склалі пратакол яшчэ і за «дробнае хуліганства».
Навумавай у РУУСе стала дрэнна і яна патрабавала хуткую дапамогу. Супрацоўнік міліцыі, якая апытвала актывістку і складала пратакол правапарушэння, адмовілася выклікаць хуткую, а калі Мая працягвала настойваць – атрымала другі артыкул. Пазней хуткую выклікалі, але ў шпіталізацыі ёй адмовілі.
24 жніўня па рэзананснай «справе прафсаюзаў» суд Савецкага раёну вынес абвінаваўчыя прысуды Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку. Ім прызначылі чатыры гады гэтак званае «хатняе хіміі», абавязалі выплаціць на карысць дзяржавы больш за 47 тысячаў рублёў і забаранілі займаць кіроўныя пасады цягам найбліжэйшых пяці гадоў.
НМ, belsat.eu