У Наваполацку прайшла акцыя салідарнасці са зніклымі палітыкамі
Актывіст аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Андрэй Гайдукоў 16 лістапада правёў у Наваполацку акцыю салідарнасці са зніклымі палітыкамі.
Як паведамляе прэс-служба аргкамітэта БХД, Андрэй Гайдукоў вывесіў на вуліцы партрэты Змітра Завадскага, Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, а таксама раздаў мінакам больш за 100 улётак з цытаваннем прызыву Мікалая Статкевіча прыйсці 24 лістапада ў Менску на акцыю памяці тых, хто ахвяраваў сваім жыццём дзеля свабоды Беларусі.
Акцыя Гайдукова скончылася без затрымання. «У канцы падышоў чалавек у цывільным, які прадставіўся супрацоўнікам выканкама. Атрымаўшы копію ўлёткі, ён сышоў, як і я. Усе матэрыялы раздадзеныя», – паведаміў апазіцыянер.
Гайдукоў – былы палітвязень, які правёў у зняволенні паўтара года (з лістапада 2012 года да траўня 2014-га). Паводле інфармацыі следства, ён быў затрыманы «ў момант закладкі тайніка са звесткамі, якія цікавілі замежныя спецслужбы» і першапачаткова абвінавачваўся паводле артыкула 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці), пазней абвінавачванне было перакваліфікаванае. 1 ліпеня 2013 Віцебскі абласны суд прызнаў Гайдукова вінаватым паводле часткі 1 артыкула 14 і артыкула 356 (замах на ўсталяванне супрацоўніцтва са спецыяльнай службай, органам бяспекі або выведвальным органам замежнай дзяржавы) і прысудзіў да аднаго з паловай гадоў пазбаўлення волі. Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме.