У Слуцкім раёне на месцах масавых расстрэлаў устаноўлены і асвечаны Крыжы Памяці
Асвячэнне драўляных крыжоў адбылося ў лясных масівах у трох месцах непадалёк ад вёскі Каліта 2 мая.
Аўтар ідэі ўстаноўкі крыжоў у месцах масавых расстрэлаў 1930-х гадоў на Случчыне — вядомы палітык Мікола Статкевіч. Дзед Міколы Статкевіча пражыў няпоўныя 40 гадоў, быў арыштаваны па надуманых прычынах і загінуў у Слуцку ў студзені 1938 года
Грамадскі актывіст, сябра Народнай Грамады Анатоль Балакір распавёў прысутным пра вялікую працу, што папярэднічала ўстаноўцы крыжоў:
— У нашай краіне замоўчваюцца трагічныя падзеі 30-х гадоў, калі загінулі мільёны людзей падчас сталінскіх рэпрэсій. І Случчына — не выключэнне. У нас да гэтага часу няма помнікаў ні слуцкім паўстанцам, ні людзям, расстраляным у 30-я гады.
Родзічы ахвяраў да гэтага часу не ведаюць месцы апошняга прытулку іх блізкіх. Таму вырашыў дапамагчы, калі да мяне звярнуўся мой аднапартыец і сябра Мікола Статкевіч і папрасіў высветліць месца магчымага расстрэлу яго дзеда.
Анатоль Балакір распавёў, што ён вельмі ўдзячны мясцоваму краязнаўцу, былому рэдактару газеты “Слуцкі край” Анатолю Жуку, аўтару кнігі пра Слуцк у 1937-м, які шмат гадоў карпатліва даследаваў мясцовую гісторыю. Праз паўгода сумесных пошукаў, сустрэч з мясцовымі жыхарамі былі дакладна ўстаноўлены некаторыя месцы масавых знішчэнняў людзей.
Лідзія Антонаўна Крыхтава, якая жыве ў вёсцы Каліта, таксама спрычынілася да пошуку месцаў расстрэлаў.
— На жаль, тых старых людзей, якія былі сведкамі гібелі людзей, на свеце ўжо няма, — гаворыць жанчына. — Але помню гэтыя мясціны па расповядах маіх родзічаў. А яны паказвалі вялізныя яміны ў лесе і расказвалі, што ў студзені 1938-года зямля была чырвоная — выступіла людская кроў. Прывозілі людзей у лес уначы, чутны былі крыкі, плач, страляніна.
Усклаў бела-чырвоныя кветкі каля аднаго з крыжоў і 80-гадовы Міхаіл Мікалаевіч Казак:
— Мне было ўсяго адзін год і 10 месяцаў, калі забралі маці па абвінавачванні ва ўкрывальніцтве шпіёнаў. Бацьку пасадзілі ў турму яшчэ ў 1935 годзе, — распавёў спадар Міхаіл. — Маці была хатняй гаспадыняй, мела сямёра дзяцей. Каб пракарміць нас, шыла адзенне. Карысталася поспехам як швачка, таму ў хаце бывала многа людзей, што і стала прычынай дурнога абвінавачвання. Маці расстралялі ў студзені 1938 года — тады ж, калі і дзеда Міколы Статкевіча. Магчыма, яны ляжаць у адной яме, — уздыхае мужчына. — Пасля маці рэабілітавалі пасмяротна. Але дзе ж тая рэабілітацыя, калі нават не сказалі, дзе пахавана? Вось знайшліся добрыя людзі — крыж устанавілі, бацюшка асвяціў.
Аднак існуе рэальная пагроза знішчэння крыжоў. Яна ўвасобілася ў постаці старшыні Сорагаўскага сельскага выканаўчага камітэта Жанжэўскага Адама Леанідавіча.
Прадстаўнік улады пад’ехаў у той час, калі ўдзельнікі памінальнага мерапрыемства знаходзіліся ля помніка ахвярам рэпрэсій ля шашы Слуцк — Старыя Дарогі, устаноўленага на свае сродкі ўраджэнцам гэтых мясцін Аляксандр Ралько, які пэўны час працаваў у Міністэрстве замежных спраў Расіі (магчыма, з прычыны расійскага следу помнік дзяржава не чапае і робіць выгляд, што яго не існуе).
Заклапочана і гнеўна мясцовы дзяржаўны чыноўнік задаў звыклыя пытанні: “Хто дазволіў? Як вы адважыліся на такія дзеянні?”
А вось як апісала гэтыя падзеі на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча:
Паўгады таму, на Дзяды, ўпершыню пабылі з Міколам у некалькіх месцах расстрэлаў1937-38 гадоў пад Слуцкам. У адным з іх пахаваны яго дзядуля, расстраляны ў слуцкай турме НКВД у студзені 1938 года.
У гэтых месцах фізічна немагчыма знаходзіцца – там пасяліўся жах і боль неўпакоеных душаў. Я затрымалася ў адным з іх – ясным бярозавым гаі… Было не па сабе – туман пад сонечнымі прамянямі калыхаўся слупамі, дыхаць было цяжка, як неўпакоеныя душы прасілі аб дапамозе. Сухая сасновая галінка абвілася спіраллю вакол маёй нагі, калі я сыходзіла, і не адпускала. Так немагчыма, але было так. Мы забралі яе з таго лесу і праз якую гадзіну яна распрасталася, як нічога і не было.
Мы паабяцалі, што да Раданіцы абавязкова вернемся, вернемся са святаром, каб паставіць крыжы і адслужыць за спачын душ, забітых без віны.
Мы хацелі зрабіць гэта ціха, па-сямейнаму…
Сёння мы зрабілі гэта разам.
Дзякуй тым, хто захаваў памяць пра гэтыя месцы і зрабіў усё, каб ушанаваць памяць загінулых – слуцкаму краязнаўцу Анатолю Жуку, які амаль 30 год збірае сведчанні і дакументы пра той страшны час, Міихаілу Жуку, чыю маці расстралялі, калі яму было 1,5 гады, ў той жа дзень, што і дзеда Мікалая, Анатолю Балакіру, які, ахвяруючы здароўем, зрабіў усё і нават больш, каб мы сёння змаглі выканаць абяцанне, айцу Ігару, які сёння маліўся за спачын душ ахвяр!
Дзякуй усім, хто быў сёння разам з намі – менчукам, случакам, салігорцам – дэмакратычным актывистам, журналістам, мясцовым жыхарам, што захавалі памяць – усім!
З Viačasłaŭ Siŭčyk, Alena Talstaya, Татьяна Миронова, Мікалаем Зіміным
P.S. напрыканцы з\’явіўся і “прадстаўнік уладаў” – старшыня Сароцкага сельсавета Жэнжэўскі Адам Леанідавіч са стандартным “хто дазволіў?” і “дакажыце, што тут ёсць пахаванні”. І адразу пабег тэлефанаваць- дакладаць…
Што ж, гэта ўлада, па-ранейшаму, атаесэнсоўвае сябе не з ахвярамі, а з катамі, іх спакой аберагае. Тым горш для іх – будучыні ў іх няма.
А загінулым – вечная памяць.