Навіны

У справе «Белага легіёну» вызвалілі яшчэ пяцёх. За кратамі застаюцца двое

Увечары 29 чэрвеня з СІЗА-1 выйшлі яшчэ пяць фігурантаў справы аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання, якім зменена мера стрымання на падпіску аб нявыездзе.

На свабоду выйшлі Андрэй Комлік-ЯмацінДзмітрый Новік, Андрэй Дундукоў, Іван Кавальчук.  Апошнім выйшаў на волю Аляксей АбрамаўПершыя трое былі затрыманыя 21 сакавіка, апошні – 23 сакавіка.

Сёння трэці дзень хвалі вызвалення фігурантаў крымінальнай справы, узбуджанай КДБ па артыкуле 287 КК. Сяргей Стрыбульскі, Аляксандр Зімніцкі і Уладзімір Фёдараў былі вызваленыя 27 чэрвеняУладзімір Румянцаў, Цімур Пашкевіч, Аляксандр Яўдаха і Віктар Данілаў – 28 чэрвеня.

У СІЗА-1 застаюцца Міраслаў Лазоўcкі і Віктар Мароз.

Паводле грамадзкай актывісткі Ніны Шыдлоўкай, якая апекавалася фігурантамі «справы патрыётаў», няма дакладных зьвестак пра тое, ці будуць вызваленыя ў хуткім часе Міраслаў Лазоўскі і Віктар Мароз.

«Тут, каля „Валадаркі“, мы пабудзем яшчэ гадзіны да 8 вечара, але, хутчэй за ўсё, сёньня іх ужо ня вызваляць. Тады адновім „вахту“ заўтра, мяркую, ад 16-й гадзіны будзем чакаць. Мусяць вызваліць, бо справа відавочна развалілася, чаго іх трымаць?» — сказала Свабодзе Ніна Шыдлоўская.

Радыё Свабода вяла жывую трансьляцыю.

Першапачаткова ўсе былі затрыманыя ў межах крымінальнай справы “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў”, а пазней ім было прад’яўлена дадатковае абвінавачванне па артыкуле 287 КК “Стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання”. Пасля таго, як КДБ спыніў справу па частцы 3 артыкула 293 КК, яны заставаліся пад вартай у межах другой крымінальнай справы сярод 14-ці яе фігурантаў.

Нагадаем, што пасля з’яўлення інфармацыі пра катаванні ў СІЗА КДБ праваабарончыя арганізацыі Беларусі запатрабавалі вызвалення з-пад варты ўсіх 14-ці фігурантаў гэтай крымінальнай справы, указаўшы, што паводле заканадаўства доказы, атрыманыя з парушэннем закона, не маюць юрыдычнай сілы, не могуць быць пакладзены ў аснову абвінавачвання і не могуць выкарыстоўвацца ў якасці даказвання. 

Паводле Радыё Свабода і Вясна96

Фота Радыё Свабода