Навіны

У Ваўкавыску судзяць былога палітвязня Мікалая Аўтуховіча

Сёння пройдзе суд над Мікалаем Аўтуховічам аб працягу прэвентыўнага нагляду.

5 жніўня а 22.20 супрацоўнікі міліцыі спрабавалі ўручыць прадпрымальніку і былому палітвязню позву ў суд на 6 жніўня. 6 жніўня павінен быў завяршыцца тэрмін прэвентыўнага нагляду над Мікалаем Аўтуховічам. Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук».

«Цырк працягваецца! Сёння а 22:20 супрацоўнікі міліцыі спрабавалі ўручыць мне позву ў суд на заўтра. Другі дзень запар мяне ўвечары апавяшчаюць аб судовых працэсах, якія пачынаюцца раптам ужо на наступную раніцу. Выпадкі беспрэцэдэнтныя. Сёння ў абласным судзе адбылася прэм\’ера спектакля, сцэнар якога я апісаў на напярэдадні. Усё супала. Другое дзеянне спектакля пад назвай «Беларускі суд самы справядлівы і незалежны» прадоўжыцца заўтра 6 жніўня а 11.30 у судзе Ваўкавыскага раёна. Я яшчэ ў вочы не бачыў пастанову судовай калегіі, а справа ўжо ў судзе Ваўкавыскага раёна. Напэўна на ракеце дастаўлялі, калі ўлічыць тое, што працэс у абласным судзе скончыўся а 16 гадзіне. Я ўжо думаў хоць перад выбарамі дзівачыць не будуць. Напэўна сцэнарысты вельмі сур\’ёзныя. Мне сёння на працэс прывезлі бясплатнага адваката. Я ад яго адмовіўся, але яго ўсё роўна пакінулі ў залі суда. Адвакатка не змагла адказаць на падставе якога заканадаўчага акта яна ўдзельнічае ў гэтым працэсе. Толькі сказала, што раніцай патэлефанавалі з абласнога суда і прасілі папрысутнічаць. Аб усім паклапаціліся спадары суддзі. Таксама прэцэдэнт, яны не павінны гэтым займацца», – піша былы палітвязень.

5 жніўня калегія Гарадзенскага абласнога суда разглядала справу аб працягу прэвентыўнага наглядунад Мікалаем Аўтуховічам. Спачатку разгляд прызначылі на 6 жніўня, аднак нечакана дату перанеслі на дзень раней і Аўтуховіч не паспяваў дамовіцца з адвакатам. Ён папрасіў суд перанесці паседжанне, каб у суд змог дабрацца адвакат. Аднак судовая калегія абвясціла, што працэс працягнецца а 14 гадзіне, і калі адвакат не даедзе да гэтага часу, то Аўтуховічу пададуць дзяржаўнага адваката.

Упершыню Мікалай Аўтуховіч быў арыштаваны яшчэ ў кастрычніку 2005 года пасля таго, як стаў актыўна змагацца за свой бізнэс (у прадпрымальніка была фірма таксі) і праводзіў доўгія галадоўкі пратэсту. Абвінаваціўшы ў нясплаце падаткаў, прадпрымальніка асудзілі на тры з паловай гады.

Мікалай Аўтуховіч стаў адным з шасці палітвязняў, вызваленых у выніку жорсткіх санкцый ЗША і ЕЗ.

Аднак пасля вызвалення Мікалай Аўтуховіч прадоўжыў змагацца за правы прадпрымальнікаў і ўказваць на карупцыйныя злачынствы ўладаў. Гэта і стала прычынай паўторнага арышту 8 лютага 2009 года і жорсткага прысуду.

Аўтуховіч сваёй віны ў судзе не прызнаў і заявіў, што яго пераследуюць за антыкарупцыйную дзейнасць.