У вачах людзей чытаецца надзея
Што рухае тымі, хто прыходзіць на сустрэчы з лідарамі БНК?
На сустрэчу з лідарамі Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Міколам Статкевічам і Яўгенам Афнагелему Віцебску 26 чэрвеня прыйшло больш за 80 чалавек – больш, чым на любую з папярэдніх сустрэчаў у рэгіёнах.
Сайт Charter97.org папрасіў кандыдата ў прэзідэнты Беларусі ад БНК Міколу Статкевіча расказаць пра свае ўражанні ад сустрэчы і далейшыя планы:
– Уражанні ад Віцебска – вельмі пазітыўныя. На самай справе, 80 чалавек на сустрэчы з «галоўным ворагам Лукашэнкі» ў перапужанай дыктатарам краіне – гэта нямала. Людзі не хавалі свайго страху праз магчымыя рэпрэсіі, але, тым не менш, на сустрэчу прыйшлі.
Ведаеце, я цяпер хацеў бы падвесці вынікі не толькі сустрэчы ў Віцебску, але і ўсіх папярэдніх паездак па рэгіёнах Беларусі.
У вачах тых людзей, якія прыходзяць, я чытаю дзве эмоцыі. Першае – гэта надзея. У людзей з\’яўляецца надзея – і яны шукаюць яе ўвасабленне.
І другое – гэта непакой. Непакой за лёс нашай краіны. Людзьмі, якія прыходзяць на сустрэчы з БНК, рухаюць два матывы. І без усялякіх перабольшанняў хачу сказаць: гэта найлепшыя людзі ў сваіх гарадах. Найлепшыя – таму што не могуць заставацца спакойнымі, думаюць, што рабіць, таму што Беларусь апынулася ў небяспечнай сітуацыі.
– Якія праблемы больш за ўсё хвалявалі людзей у Віцебску?
– Пытанні задаваліся самыя розныя.
Больш за ўсё, вядома, людзей хвалюе сацыяльна-эканамічная сітуацыя. «Што рабіць з эканомікай? Як перамагчы галечу?» – самыя частыя пытанні на нашых сустрэчах.
У Віцебску да гэтага дадалася новая тэма: новыя правілы прызыву ў войска, якія пазбаўляюць маладых людзей магчымасцяў атрымаць адтэрміноўку ў вучобе.
Але апошнім часам пачынаюць пераважаць пытанні палітычнага характару: як змяніць сітуацыю, як пазбавіць Беларусь ад гэтага рэжыму? І гэтая тэма наўпрост звязаная з пагрозай страты незалежнасці, якую людзі адчуваюць.
Хачу адзначыць яшчэ адну важную асаблівасць: на нашы сустрэчы прыходзяць людзі зусім розных поглядаў – а не толькі нашы традыцыйныя ідэйныя прыхільнікі. У Віцебску, напрыклад, на сустрэчы былі і людзі, якія бачаць свабодную і незалежную Беларусь у добрасуседскіх стасунках з РФ.
Для мяне было дзіўна, што яны прыйшлі на сустрэчу з палітыкам, якога ўлады спрабуюць паказаць у выглядзе «русафоба». Адзін з такіх людзей, які прыйшоў праверыць, «русафоб» я ці не, у канцы сустрэчы сказаў: «Што мы – пагаворым і разыдземся? Давайце ствараць нейкую працоўную групу, камісію». Я прапанаваў стварыць такую групу – і ў яе адразу ўступілі 40 чалавек. Яны таксама далучыліся да БНК і абралі свайго лідара.
Яшчэ адна асаблівасць сустрэчы ў Віцебску – вялікая колькасць цалкам новых людзей. Я нават назваў іх «новай сілай». І такіх людзей на апошніх сустрэчах прыходзіць блізу 80%.
– На першыя сустрэчы з Вамі ў рэгіёнах прыходзіла блізу 30 чалавек. У Наваполацку прыйшло ўжо 70, у Віцебску – 80. Чаму расце колькасць людзей на сустрэчах з лідарамі БНК?
– Па-першае, людзі адчуваюць адказнасць моманту. «Незалежнай» дыктатуры ў Беларусі ўжо не будзе. Яна магчымая толькі на расейскім змесце. А калі асноўны спонсар кажа: «усё, ці не даем грошай – ці ідзіце ў расейскую дыктатуру», то залежны ад яго кіраўнік можа зрабіць самае страшнае. Сама сітуацыя змушае людзей быць актыўнымі.
І другое – гэта адчуванне блізкасці пераменаў. Гэта натхняе людзей на пошукі адказу на набалелыя пытанні, мабілізуе іх прыходзіць на сустрэчы з прадстаўнікамі БНК.
– Можаце расказаць пра Вашы далейшыя планы?
– У нядзелю адбудзецца наша чарговая паездка – у Мазыр. А ў канцы ліпеня мы закончым паездкі ў рэгіёны ў цяперашнім фармаце.
А далей мы будзем арыентавацца на абвяшчэнне палітычнай кампаніі, парламенцкіх выбараў у Беларусі і ў жніўні пастановім, як мы выкарыстоўваем магчымасці гэтай кампаніі для прадаўжэння працы з людзьмі – у больш масавым фармаце.