Грамадская акцыя

У Вільні прайшоў мітынг, прысвечаны Мікалаю Статкевічу і ўсім палітвязням у Беларусі

26 лютага ў Вільні прайшоў мітынг, прысвечаны Мікалаю Статкевічу, які правёў за кратамі ўжо 1000 дзён, і ўсім беларускім палітвязням. На мерапрыемстве выступіла Святлана Ціханоўская, яна заклікала працаваць, пакуль усе не вернуцца дадому.

“Мікалай Статкевіч і Сяргей Ціханоўскі правялі ўжо 1000 дзён за кратамі. Страшная лічба. І хоць нашы мужчыны-яны мужныя, нязломныя і вытрымаюць, але гэта яшчэ і 1000 дзён, скрадзеных у іх сем’яў. У нас у кватэры паўсюль фатаграфіі Сяргея, каб дзеці не забыліся, як ён выглядае. Мы разам глядзім яго відэа кожны тыдзень, каб мая малодшая дачка, якая не бачыла яго тры гады, памятала яго голас. Не было ніводнага дня, каб я не задавала сабе пытанне: што яшчэ я магу зрабіць, каб хутчэй вызваліць Сяргея і ўсіх палітвязняў. І гэтае пытанне прымушае мяне ісці далей, не здавацца. Я ператвараю свой боль у працу. І я хачу, каб кожны з нас таксама штодня задаваў сабе гэтае пытанне: што яшчэ кожны з нас можа зрабіць. Давайце не будзем казаць-мы чакаем іх вызвалення. Мы працуем на іх вызваленне. І не спынімся, пакуль усё не вернуцца дадому”, – заявіла лідар дэмсіл.

НАПЯРЭДАДНІ дыпламаты ЕС, Чэхіі, Германіі, Фінляндыі, Францыі, Польшчы, Швецыі, Славакіі і ЗША сустрэліся з жонкай Статкевіча Марынай Адамовіч, каб выказаць салідарнасць і заклікаць да яго вызвалення.

reform.by