Выбары

У Вярхоўны суд пададзена скарга на адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча

Марына Адамовіч, жонка палітвязня Мікалая Статкевіча, якая з’яўляецца ягоным законным прадстаўніком і кіраўніком ініцыятыўнай групы па яго вылучэнню кандыдатам у прэзідэнты, у канцы працоўнага дня 22 ліпеня падала ў Вярхоўны суд скаргу на адмову ЦВК зарэгістраваць ініцыятыўную групу. Рашэнне ЦВК аб адмове ў рэгістрацыі было прынята на паседжанні 20 ліпеня.

У адрозненне ад агульных нормаў вызначэння тэрмінаў, Выбарчы кодэкс дзень, калі было прынятае рашэнне аб адмове ў рэгістрацыі групы, трактуе, як першы дзень на абскарджванне. З улікам таго, што ў пісьмовым выглядзе афіцыйнае рашэнне ЦВК выдаецца патэнцыйнаму кандыдату толькі ўвечары, тэрмін падрыхтоўкі і падачы скаргі абмяжоўваецца штучна 2-мя днямі, гаворыць Марына Адамовіч.

Кіраўніца ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча лічыць, што адмова ў рэгістрацыі групы з’яўляецца незаконнай і парушае Выбарчы кодэкс і правы 1700 грамадзянаў, якія ў яе аб\’ядналіся. На яе думку, закон выразна раздзяляе рэгістрацыю ініцыятыўных груп і рэгістрацыю кандыдата.

Па словах Марыны Адамовіч, разгляд скаргі можа адбыцца ў пятніцу, 24 ліпеня. Дакладная дата і час разгляду пакуль невядомыя.