Актуальна

“Украінскія падзеі патрабуюць перабудовы выхаваўчай працы ў беларускім войску”, — Статкевіч

Мікалай Статкевіч прапануе зьмяніць падрыхтоўку беларускага войска праз гісторыю абароны ВКЛ.

Палітвязень Мікалай Статкевіч ў лісьце дамоў выказаў прапановы па зьменах у маральна-псыхалягічнай падрыхтоўцы беларускіх вайскоўцаў, якія падаюцца палітыку неабходнымі на прыкладзе падзей ва Ўкраіне. Жонка Статкевіча Марына Адамовіч працытавала ягоны ліст.
«У мінулым лісьце я пісаў пра псыхалягічную і маральную непрыдатнасьць нашага войска бараніць сувэрэнітэт Беларусі ад пагрозы з усходу. Каб вырашыць гэтую праблему патрэбная поўная перабудова выхаваўчай працы ў беларускім войску, выхаваньне гатоўнасьці супрацьстаяць пагрозе па ўсім радыюсам. Добрым матэрыялам для такой працы можа стаць вайсковая гісторыя Вялікага княства Літоўскага, у якой шмат прыкладаў удалага супрацьстаяньня і германскім рыцарам, на той момант найбольш сучасна ўзброеным, і колькасна пераважаючым у разы маскоўскае ды татарскае войска. Для нашай невялікай арміі, якая мусіць быць гатовая супрацьстаяць больш моцным колькасна і тэхнічна падрыхтаваным праціўнікам, гэта добры прыклад.»

Пра сябе Мікалай Статкевіч паведаміў, што ў яго ўсё нармальна і выказаў занепакоенасьць справамі палітвязьня Яўгена Васьковіча, пра якога яму стала вядома, што на таго працягвае аказваць ціск адміністрацыя магілёўскай турмы.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня нібыта за арганізацыю забурэньняў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году. Сваёй віны Мікалай Статкевіч не прызнаў. Апазыцыя і праваабаронцы ў Беларусі лічаць, што Статкевіча перасьледуюць за жорсткую крытыку на адрас Аляксандра Лукашэнкі, якога апазыцыянэр абвінаваціў у фальсыфікацыі вынікаў выбараў. Трымаюць Мікалая Статкевіча ў магілёўскай крытай турме.