Улады Беларусі ўзмацнілі кантроль над выбарчымі камісіямі
На Чацвёртым Міжнародным Кангрэсе даследчыкаў Беларусі (Коўна, 3-5 кастрычніка) адбылася прэзентацыя даклада «Склад выбарчых камісій: асноўныя тэндэнцыі ва ўмовах аўтарытарнай сістэмы (мясцовыя выбары, 1999—2014 гады)».
Статыстыка ЦВК паказвае, што, нягледзячы на папраўкі ў выбарчы кодэкс 2009 года, уведзеныя згодна з рэкамендацыямі АБСЕ, улады поўнасцю кантралююць працэс фармавання камісій.
Існуе тры механізмы вылучэння сяброў выбарчых камісій: працоўнымі калектывамі, праз збор подпісаў, палітычнымі партыямі і грамадскімі арганізацыямі.
Змены ў выбарчы кодэкс прадугледжвалі, што трэцяя частка выбарчых камісій павінна прызначацца са складу прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх арганізацый. У выніку колькасць вылучэнняў ад гэтых арганізацый вырасла. У сярэднім 40% усіх сяброў камісій – прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і партый. Але амаль усе яны рэпрэзентуюць праўладныя грамадскія аб’яднанні — такія як БРСМ і Белая Русь, а таксама праўладныя палітычныя партыі.
Таксама назіраецца паступовы заняпад працэдуры вылучэння кандыдатаў працоўнымі калектывамі і праз збор подпісаў на карысць вылучэння грамадскімі арганізацыямі, кантраляванымі ўладамі. На працягу апошніх 15 год у некалькі разоў паменшала колькасць прадстаўнікоў камісій, вылучаных працоўнымі калектывамі. Колькасць сяброў камісій, вылучаных праз збор подпісаў, знізіўся ў сярэднім на 15% пасля паправак у кодэкс 2009 года.
Аналіз паказвае некаторыя істотныя змены ў складзе камісій. Павольна расце колькасць дзяржслужачых: калі напрыканцы 1990-х колькасць чыноўнікаў у камісіях не перавышала 3—7%, то на апошніх выбарах іх колькасць узрасла да 10—12 %. Адсотак жанчын у камісіях стабільна высокі, складае прыкладна дзве трэція, і працягвае павялічвацца. Таксама варта адзначыць выразнае павышэнне ўзросту членаў камісій.
Узрослая колькасць прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў у камісіях стварае бачнасць удзелу ў арганізацыі выбараў грамадзянскай супольнасці, што стварае вобраз дэмакратычнасці выбараў для заходніх назіральнікаў. А ў выніку ўлады маюць у камісіях найбольш лаяльных прадстаўнікоў, і тым самым пры неабходнасці маюць магчымасць маніпуляваць вынікамі.