Уладзь Яроменак выйшаў на волю
А восьмай раніцы з арыштнага дома ў Баранавічах на волю выйшаў актывіст Маладога фронту Ўладзь Яроменак.
Уладзя сустракалі цяжарная жонка Валянціна, сябры Маладога фронту, журналісты.
На пытаньне, ці будзе працягваць палітычную дзейнасьць Уладзь не адказаў, зазначыўшы, што будзе вырашаць гэтае пытаньне зь сям’ёю, але сваіх палітычным перакананьняў ён не зьмяніў.
Уладзь у курсе падзеяў ва Ўкраіне, але ведае навіны адтуль з тыднёвым запазьненьнем, у прыватнасьці ён ў курсе, што рэжым Януковіча павалены.
Яроменак падзякаваў усім, хто пісаў яму, ён атрымліваў сотні лістоў з волі, а таксама незалежныя газэтам «Новы час і «Свободные новости», якія падпісалі яго на свае выданьні.
Уладзімеру Яроменку па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня 2010 года прысудзілі тры гады зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. У жніўні 2011 году яго вызвалілі на падставе прэзыдэнцкага ўказу аб памілаваньні. Над Яроменкам устанавілі прэвэнтыўны нагляд. 27 красавіка 2012 года яго асудзілі на сем сутак адміністрацыйнага арышту нібыта за дробнае хуліганства, а 24 студзеня 2013 года — на 12 сутак арышту за парушэньне ўмоў прэвэнтыўнага нагляду.
Паводле праваабаронцаў, прэвэнтыўны нагляд прымяняецца беларускімі ўладамі супраць былых палітзьняволеных, каб кантраляваць іх дзеяньні і прымусіць адмовіцца ад актыўнага ўдзелу ў грамадзкім жыцьці.