Уладзімір Някляеў: Лукашэнка набіў выбарны «пул» загадзя падрыхтаванымі людзьмі
Дыктатар ідзе на «выбары», ужо сфальсіфікаваўшы іх.
28 жніўня прадстаўнікі апазіцыі выступілі з сумеснай заявай пра недавер цяперашнім прэтэндэнтам на прэзідэнцкі пост, пра фальсіфікацыю выбараў і неабходнасць ігнараваць іх. Уладзімір Някляеў жорстка раскрытыкаваў сваіх былых паплечнікаў па кампаніі «Гавары праўду» і Андрэя Дзмітрыева асабіста. На пытанне, ці адрэагавалі яны на ягоныя абвінавачванні ў супрацоўніцтве са спецслужбамі, палітык адказаў, што не хоча больш каментаваць гэтую сітуацыю, паведамляе «Радыё Свабода».
Што тычыцца наступстваў і далейшага ўдзелу ў выбарчай кампаніі, Уладзімір Някляеў распавёў наступнае:
– Цяпер пачынаецца кампанія па дыскрэдытацыі людзей, якія спрабуюць супрацьстаяць правядзенню ўжо цяпер фальшывых і несвабодных выбараў. Пачынаюць казаць пра тое, што гэтыя людзі, спрабуюць нанесці шкоду Беларусі, спрабуюць не даць ёй магчымасці зблізіцца з Еўразвязам, пакінуць яе ў абдымках пуцінскай Расеі.
Гаворка ідзе абсалютна не пра гэта. Я з самага пачатку быў за рух Беларусі ў Еўропу, першапачаткова быў за дыялог, не раз аб гэтым заяўляў. Упершыню заявіў пра гэта па выхаду з турмы, пасля суда. Што нам неабходны дыялог з Еўропай, што нам неабходна прыстасоўваць еўрапейскі вектар і што без гэтага ў Беларусі ніякай незалежнасці не будзе. Усё гэта застаецца.
Гаворка ідзе пра тое, што Лукашэнка – не той чалавек, які можа зрабіць усё гэта. Хоць бы таму не той чалавек, што ён ідзе ў пяты раз на «выбары» незаконна. Праз парушэнне Канстытуцыі – Асноўнага закона краіны. Ён ідзе на «выбары», сфальсіфікаваўшы іх. Ён ідзе на выбары, набіўшы выбарчы пул людзьмі, якія загадзя для гэтага падрыхтаваныя. Ён ідзе на выбары, змяніўшы выбарчы кодэкс. Ён ідзе на выбары, даючы загады сваім рэпрэсіўным структурам пераследаваць людзей, якія змагаюцца не толькі за дэмакратыю ў агульным сэнсе, а за рэальныя свабоды грамадзян Беларусі – скажам, за рэальнае права быць беларусам.
Вось апошні факт – людзі, якія ездзілі ў Львоў на футбол на матч Беларусь-Украіна. Па вяртанні яны пацярпелі пераслед як раз за тое, што праявілі там беларускі патрыятызм. Дык навошта мне ў Еўропе Лукашэнкі? Навошта мне ў Еўропе ўвесь гэты шлейф, які цягнецца за ім? Шлейф залежнасці ад Расеі, перш за ўсё. Навошта мне гэты фальстарт у палітыцы, які падвяргае вялікай небяспецы ўсю будучыню Беларусі?
Ужо сёння відавочныя намаганні Расеі зрабіць Беларусь сваім вайсковым плацдармам. І гэта не нейкія міфы. Аб міфах можна было б казаць, калі б не было Украіны. Але яна ёсць, і ёсць гэтая небяспека. Дык вось, каб пазбегнуць гэтай небяспекі, перш за ўсё, мы робім тое, што робім.
Мы кажам – давайце правядзем свабодныя выбары, на якіх справядліва будзе абраны новы прэзідэнт. Не Лукашэнка, да якога ў нас няма даверу.
Лідэр АГП Анатоль Лябедзька нагадаў, што на прэс-канферэнцыі прадстаўнікі апазіцыі заявілі, што будуць дамагацца дэлегітымізацыі вынікаў выбарчай кампаніі і ставяць на парадак дня правядзенне ў Беларусі свабодных сумленных выбараў.
– Што тычыцца першага пункта, то, натуральна, мы будзем удзельнічаць у выбарчай кампаніі паводле свайго сцэнару. Я спадзяюся, што на гэтым тыдні пройдзе круглы стол, на які будуць запрошаныя прадстаўнікі розных палітычных структур, і паводле вынікаў гэтага круглага стала будзе сумесны дакумент, сумесная заява аб нашай ацэнцы таго, што адбываецца, і аб каардынацыі нашых дзеянняў. Вельмі важна, каб гэта было пытанне не толькі чатырох палітыкаў, важна ставіць на парадак дня стварэнне шырокай кааліцыі прыхільнікаў пераменаў. Як скончыцца час адноснай цішыні і пачнецца агітацыйная кампанія, то мы пойдзем у народ, як і раней мы ставілі пікеты, ладзілі паездкі ў рэгіёны.
Што тычыцца АГП, то мы, вядома, будзем працягваць папулярызацыю эканамічнай альтэрнатывы – праграмы «Мільён новых працоўных месцаў». Але мы гаворым людзям, што рэалізаваць гэтыя рэформы і ажыццявіць перамены мы можам толькі тады, калі ў Беларусі адбудуцца сумленныя і свабодныя выбары.
А стратэгія – ігнараваць фарс і такім чынам аказваць ціск на ўладу.