Уладзімір Някляеў: Расея хоча ператварыць Беларусь у сваю вайсковую базу
Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Уладзімір Някляеў прапанаваў правесці кампаніі акцыю «За мірную, нейтральную Беларусь!».
«З апошніх дзеянняў кіраўніцтва Расейскай Федэрацыі ўсё больш відавочна, што Расея мае намер ператварыць Беларусь не проста ў сваю калонію, чаго праз палітыку цяперашняга беларускага рэжыму яна практычна дамаглася, а ў сваю вайсковую базу. Гэта супярэчыць не толькі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, паводле якой Беларусь – нейтральная дзяржава. Гэта ставіць пад рэальную пагрозу бяспеку краіны і само жыццё беларусаў», – гаворыцца ў заяве ініцыятыўнай групы і аргкамітэта руху, прынятай 13 верасня, піша БелаПАН.
«Нашай зямлі, нашаму народу хапіла войнаў, стратаў, крыві. Гэта было лёсам нашых дзядоў, бацькоў – і мы не можам дапусціць, каб гэта паўтарылася ў лёсах нашых дзяцей, – падкрэсліваецца ў заяве. – Таму ўсе спробы размяшчэння замежных вайсковых баз, стварэнне на тэрыторыі Беларусі плацдарму вайны мы павінны разглядаць як акты агрэсіі ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь і будзем супрацьстаяць гэтаму ўсімі магчымымі спосабамі і сродкамі».
Для правядзення акцыі «За мірную, нейтральную Беларусь!» аргкамітэт руху Някляева заклікае аб\’яднацца «ўсе палітычныя, апазіцыйныя і не апазіцыйныя структуры, дэмакратычную грамадскасць, усіх неабыякавых да лёсу Айчыны грамадзян».