Навіны

Уладзіміра Някляева зноў выклікаюць у міліцыю

Уладзіміра Някляева паўторна выклікаюць у міліцыю ў сувязі з адміністрацыйнай справай аб арганізацыі несанкцыянаванага пікету ў Менску.

Нагадаем, раніцай 22 верасня Някляеў з\’явіўся ва УУС Цэнтральнага раёна Менска па позве, аднак выклікаўшага яго супрацоўніка міліцыі не выявілася на месцы, піша БелаПАН.

«Падышоў нейкі падпалкоўнік, сказаў, што супрацоўніка, які мяне выклікаў, няма на месцы, і прапанаваў пачакаць. Я адмовіўся», – распавёў Някляеў журналістам, якія чакалі яго каля будынку РУУС.

У дачыненні да палітыка вядзецца працэс аб адміністрацыйным правапарушэнні, прадугледжаным ч.1 арт.23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства або пікетавання). Гаворка ідзе пра пікет «За сумленныя і свабодныя выбары», які прайшоў 10 верасня каля ГУМа. Пры гэтым Някляеў дагэтуль не падпісаў складзены ў дачыненні да яго пратакол.

Палітык паведаміў, што ўчора яму тэлефанавалі з РУУС і прапаноўвалі паўторна прыйсці ва ўправу, на што ён адказаў, што прыйдзе толькі па новай позве. «Я ім сказаў, што не ведаю, як яны выкарыстоўваюць гэтую «прыватную гутарку», калі я прыйду», – адзначыў Някляеў.

У сваю чаргу старшыня Аб\’яднанай грамадзянскай партыі Антоль Лябедзька, у дачыненні да якога складзены пратакол за правядзенне 16 верасня пікета ў памяць зніклых палітыка Віктара Ганчара і прадпрымальніка Анатоля Красоўскага, паведаміў, што пакуль у міліцыю яго не выклікалі. «Ніякіх позваў мне не дасылалі», – сказаў ён.