Урад Украіны сышоў у адстаўку
Арсень Яцанюк абвясціў аб сваёй адстаўцы праз распад кіруючай кааліцыі.
Разам з ім у адстаўку сыходзіць увесь Кабінет міністраў Украіны.
Пра гэта Арсень Яцанюк сказаў на пасяджэнні Вярхоўнай Рады пасля перапынку, які быў зроблены на ягоную просьбу, піша LB.ua.
«Гэта не лепшы ўрад у гісторыі Украіны, але ён рабіў усё, што мог. Ці я задаволены асабістай працай? Вядома не, хацелася б зрабіць больш, хацелася б зрабіць лепш, хацелася б зрабіць хутчэй. Усё, што адбылося сёння ў парламенцкай зале, будзе мець вельмі складаныя, калі не драматычныя наступствы для краіны. Дай Бог, каб я памыліўся», – заявіў ён.
«У нашага ўрада няма адказу, чым плаціць зарплату, дзе мне заўтра ўзяць грошы, каб заправіць БТРы. Як утрымліваць войска і Узброеныя сілы, як не дэмаралізаваць людзей, якія сядзяць у траншэях пад кулямі. Можа, мы пра іх падумаем», – дадаў Яцанюк, раскрытыкаваўшы дэпутатаў, якія правалілі законапраект з папраўкамі ў бюджэт. На ягоную думку, яны хочуць ісці на выбары, і таму адмаўляюцца галасаваць за непапулярныя пастановы.
«Але разменьваць вузкапалітычны інтарэс на інтарэсы дзяржавы недапушчальна. Гэта злачынства, – заявіў Яцанюк. – Самае страшнае для мяне – гэта тое, што сёння пасля таго, калі фактычна развалілася кааліцыя, калі правалілі закон аб ГТС, цяпер у Дзярждуме – апладысменты. Вось хто сёння перамог. Гісторыя нам гэтага не даруе».
Ён падкрэсліў, што ў існуючых умовах, ёсць некалькі варыянтаў. Стварыць новую кааліцыю з камуністамі і рэгіяналамі. Іншы варыянт – падаць у адстаўку.
«Я аб\’яўляю пра адстаўку ў сувязі з распадам кааліцыі і блакаванням урадавых ініцыятыў», – завяршыў ён выступленне.
Нагадаем, сёння ў Вярхоўнай Радзе спыніла сваё існаванне кааліцыя «Еўрапейскі выбар».
У сваю чаргу прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка ўжо выказаў надзею на тое, што парламент прадоўжыць прымаць важныя для краіны пастановы нават без кааліцыі. Аднак Вярхоўная Рада не падтрымала некаторыя законапраекты, у прыватнасці, аб рэфармаванні НАК Нафтагаз Украіны.
Фота: AP