Актуальна

Уступіў у сілу Закон аб амністыі

21 чэрвеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаваны Закон Рэспублікі Беларусь «Аб амністыі ў сувязі з 70-годзьдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў».

Пры канцы траўня закон быў ухвалены Палатай прадстаўнікоў і Саветам рэспублікі Нацыянальнага сходу.

Паводле Закону, будуць вызвалены ад пакараньня

  • непаўналетнія;
  • цяжарныя жанчыны;
  • жанчыны і адзінокія мужчыны, у якіх ёсць дзеці да 18 гадоў;
  • мужчыны, старэйшыя за 60 гадоў, і жанчыны, старэйшыя за 55 гадоў;
  • інваліды I і II групаў;
  • хворыя на актыўную форму тубэркулёзу;
  • анкалягічныя хворыя;
  • ВІЧ-інфікаваныя;
  • вэтэраны баявых дзеяньняў на тэрыторыі іншых дзяржаў;
  • пацярпелыя ад катастрофы на ЧАЭС і іншых радыяцыйных аварый;
  • якія атрымалі раненьні (кантузii), калецтвы, захворваньнi пры выкананьнi абавязкаў у пэрыяд ваеннай службы ва Ўзброеных Сілах СССР або Беларусі, КДБ, іншых войсках і воінскіх фармаваннях.

Амністыя можа распаўсюджвацца на тых, хто яшчэ знаходзіцца пад сьледствам, або на людзей, прысуды якім вынесены на дзень уступленьня ў сілу Закону аб амністыі.

Мяркуецца, што па амністыі з папраўчых установаў закрытага тыпу будзе вызвалена каля 2,1 тысячы чалавек, з установаў адкрытага тыпу — каля 630. Тэрмін пакараньня будзе скарочаны на год прыкладна для 7 тысяч асуджаных у закрытых установах і 900 асуджаных — у адкрытых .

У Беларусі — 8 палітзьняволеных: экс-кандыдат на прэзыдэнты Мікалай Статкевіч; праваабаронца Алесь Бяляцкі; анархісты Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка; Эдуард Лобаў, Васіль Парфянкоў.

Радыё Свабода