Усё тыя ж i Барсiк
У прэзідэнты падаліся ўсе, каму не лянота. Нудныя дамы. Штатныя палітычныя блазны.
А ўсё ж вельмі шкада, што адсеялі Барсіка. Здавалася б, дробязь – нейкі кот. Аднак выбарчая кампанія імгненна стаціла інтрыгу і набыла падабенства з даўно абрыдлым фарсам. У прэзідэнты падаліся ўсе, каму ахвота. І жук і жаба. Кабеты, якім без выбараў сумна. Штатныя палітычныя клоуны. Ды іншыя аматары адпаведнага жанру. А ў такім разе, чым Барсік горшы?
Краіна ў чарговы раз страціла свой шанс. І атрымае, як вечны катаржнік, яшчэ пяць гадоў брыдоты, дэградацыі і поўнай безнадзейнасці. Але з якой нагоды скардзіцца? Атрымаем усё тое, што заслужылі. Хаваемся пад венікам. Сядзім ціха. Вуліцы і плошчы саступілі мянтам, неверагоднай колькасці якіх палохаюцца наезджыя госьці. У вас што – тэрарысты, вайна, землятрус? Ды нічога і блізка! Проста тут вечны правіцель. Злы і палахлівы.
Дваццаць гадоў у адным крэсле. А з гэтай восені пачне ўжо трэці дзесятак сваёй няспыннай вахты. Ціхі жах.
Праз некалькі месяцаў электарат адсвяткуе інаўгурацыю нязменныга прэтэндэнта на чарговы – пяты! – тэрмін. Гэта яшчэ не рэкорд. Вунь таварыш Мугабэ дзесьці там у Зімбабве ўпэўнена кіруе сваім шчаслівым народам ужо трыццаць пяць гадоў. Аднак і двадцаць год – не жарты. Тым болей, што і пяты тэрмін ужо амаль у кішэні. А дзе пяты, там і шосты, і сёмы, і… Ды што там лічыць – колькі доўгажыхар тутэшы пажадае, столькі і будзе.
Даўно пралічаны алгарытм гэтага працэса. Ніякіх нечаканасцяў у выбарах гэткага кшталту быць не можа. І здзіўляцца не даводзіцца. Дух Зімбабве вітае ў Беларусі. І калі б замест Барсіка пайшоў на выбары сам кот Бегемот пры падтрымцы Воланда, нічога б тут яны не дамагліся. Спазніліся, панове! Стаўкі абвешчаны. Пераможца вызначаны. Аднойчы і назаўсёды. І ніякай магіі. Эфект Мугабэ.
Не выключана, што дзесьці ў нетрах ААЦ ужо высвятляюцца параметры чарговай перамогі. Зразумела, элегантнай. Гэтым разам стрэлка неўтаймаваных жаданняў спыніцца магчыма на ўзроўні 89,4 адсотка. Ні ў якім разе не менш, чым мінулым разам. Таму што ва ўсім павінен быць прагрэс. І любоў электарата да сваёй улады павінна няўхільна ўзрастаць. Але не настолькі, каб дасягнуць паказчыкаў Кім Чэн Ына або нашага саюзніка і партнера Нурсултана Назарбаева. Падручныя правадыроў Усходу відавочна перастараліся. Палымяны Кім успрыняў гэта як належнае. А вось аксакалу давялося нават прасіць прабачэння ў электарата за празмерную стараннасць свайго выбаркаму.
Вядома, не ўсё ў нашай краіне так шыоўна і квяціста, як і там. Ёсць нават і незадаволеныя. Размова не пра тых, хто спрабаваў вылучыць кандыдатуру Барсіка. Няхай скардзяцца. На гэты выпадак ёсць высокі суд. А таксама – склад драўніны. Гэтыя інстанцыі да скаргаў грамадзян ставяцца надзвычай уважліва.
Аднак, як гэта не дзіўна, з’явілася яшчэ адна праблемная група. Менавіта ў глыбінях калісьці самага надзейнага электарату. І ўжо чуюцца іхнія прыкрыя нараканні. А чаму не падвышаюцца пенсіі? Дзе абяцаны заробак у тысячу даляраў? Чаму скарачаюцца безупынна рабочыя месцы? А калі тут усё сапраўды так цудоўна, чаму так кепска? Мала таго, дык яшчэ пагражаюць байкотам.
На гэтае нетутэйшае слова ўжо адгукаюцца вёскі і гарады. Гэбуха палахліва чэша рэпу – адкуль гэткая навалач? І хто такі гэты бай-кот? Бай – гэта яшчэ можна патлумачыць акалічнасцямі. А вось злаўмысны кот – хто нам яго падкінуў?
Вінаватыя ва ўсім канешне ідэёлагі, якія ўжо зусім мышэй ня ловяць. Замест таго, каб на рэжымных тэлеканалах здзеквацца з Барсіка, пайшлі б у народ ды патлумачылі даходліва, што жыццё вось-вось наладзіцца.
Нездарма ж нязменны кіраўнік за гэта ўзяўся крута. Толькі што на стратэгічным афрыканскім накірунку здзейсніў даўно чаканы прарыў. Наладзіў цесны кантакт з братамі па розуму – кіраўніцтвам Зімбабве. Квітнеючая, між іншым, краіна. У адрозненне ад нашых мільянераў, там ужо ўсе мільярдэры. Нават жабракі. Перспектывы акрэсліліся неверагодныя. А таму тутэйшы правіцель так і сказаў высокаму госцю – намесніку самога таварыша Мугабэ: “Мы готовы сделать все, что можем, для вашей страны, для Южной Африки”. Як сказаў, так і будзе. Вось толькі дапаможам афрыканскім братам, а тады ўжо і ў нас пачнецца цудоўнае жыццё. Калі не цяпер, то пад канец сёмага прэзіденцкага тэрміну – абавязкова.
А ўсё ж Барсіка шкада. Яго адсеяў нават і не Цэнтрвыбаркам. Яшчэ на ўваходзе ў гэтую адыёзную ўстанову ўпартая ахова ў дакладнасці паўтарыла сцэну ў трамваі з таго ж булгакаўскага рамана. Памятаеце, кандуктарка вызверылася на беднага Бегемота, які хацеў крыху пад’ехаць: “З катамі нельга!”
Тыповая логіка аховы. А вось з хатнімі гаспадынямі, з саматужнымі хакеістамі ды бутафорскімі казакамі – можна. Але які сэнс дапытвацца пра штосьці ў аховы. Тым болей, што ў гэтай краіне ўся вертыкаль трымаецца на тым адметным слове – нельга!
А ўвогуле, Барсік туды і не збіраўся. Няйначай, у яго на той час былі нейкія больш значныя справы. Кажуць, на падыходзе да сумнавядомай установы ён вырываўся, царапаўся і выў. Інтуіцыя, вядома. Адчуў нядобрае. І ўсё ж тым разам пашэнціла беднаму кату – службоўцы не пусцілі.
Вядома, Барсіку на гэты інцыдэнт начхаць. Цяпер, калі так брутальна перамагла несправядлівасць, колькасць ягоных прыхільнікаў будзе толькі ўзрастаць. З кожным днём. Таму што занадта ўжо брыдкую перспектыву акрэсліла ўлада, абвясціўшы спіс дапушчаных у падтанцоўку да сумнавядомага саліста. І ці не зашмат гонару удзельнічаць у той балаганнай валтузні.
Таму Барсік загаддзя сышоў. Ні з кім не развітаўшыся, па-ангельску. Зразумела, джэнтльмен.
Што там было б дарэчы сказаць яму ўслед – гуд бай, Барсік? Або прасцей, сугучна часу. Проста і зразумела.
Бай, кот!
Уладзімір Халіп, спецыяльна для charter97.org