Валер Кавалеўскі: ЗША дагаджаюць Лукашэнку, каб утрымаць яго нейтралітэт па Украіне
Гэты зрух у палітыцы ЗША выглядае як імправізаваная рызыковая стаўка, асабліва калі ўлічваць, што Лукашэнка неаднаразова абводзіў Захад вакол пальца.
Змена палітыкі па Беларусі адбываецца ў кантэксце канфлікту ва Украіне. ЗША імкнуцца забяспечыць нейтралітэт Беларусі і такім чынам падтрымаць Украіну ў супрацьстаянні з Расіяй.
Злучаныя Штаты лічаць магчымым верыць у тое, што Лукашэнка — хоць ён і ненадзейны, залежны ад Пуціна і супярэчлівы па Украіне — можа адыграць станоўчую ролю ў канфлікце. Выглядае, што гэтым тлумачыцца адмова амерыканцаў ад ціску на рэжым.
Афіцыйныя прадстаўнікі ЗША называюць Лукашэнку міратворцам, хаця Беларусь не ўдзельнічае ў перамовах па Украіне.
Мінскія перамовы і адпаведныя пагадненні ўвогуле варта разглядаць як падарунак для беларускай дыпламатыі, а не як яе дасягненне.
Амерыканская дыпламатыя паказвае, што яна будзе ўстрымлівацца ад практычных захадаў ціску на рэжым Лукашэнкі. Больш за тое, ЗША распачалі нармалізацыю адносін нягледзячы на тое, што ён не выканаў іх уласнай галоўнай перадумовы — вызвалення палітычных зняволеных.
Змены ў рыторыцы відавочныя. Раней ЗША крытыкавалі беларускія рэаліі і прапаноўвалі ўмовы для нармальных адносінаў. Цяпер амерыканскія дыпламаты сціпла гавораць пра наяўную «розніцу ў ацэнках сітуацыі ў Беларусі».
Падчас публічнага мерапрыемства, якое адбылося ў Вашынгтоне ў снежні 2014 года, намесніца дзяржаўнага сакратара Вікторыя Нуланд паведаміла, што сустракалася ў верасні з прэм’ер-міністрам Беларусі ў Нью-Йорку. Для Беларусі гэта даволі высокі ўзровень палітычнага кантакта. Таксама Нуланд паведаміла важную навіну: ЗША прадставілі беларускаму боку канкрэтныя прапановы па паляпшэнні адносінаў. Па яе словах, далейшы прагрэс залежыць ад Беларусі. Раней, падчас мерапрыемства ў Цэнтры Вільсана ў Вашынгтоне, намеснік Нуланд Эрык Рубін гаварыў пра Акт аб дэмакратыі ў Беларусі (АДБ) як перашкодзе да паляпшэння двухбаковых адносінаў. АДБ, які Кангрэс ЗША прымаў тройчы, увёў шэраг абмежаванняў на адносіны з Беларуссю і абумовіў іх скасаванне «відавочным прагрэсам урада Беларусі згодна з мэтамі Закона».
У гэтай сувязі ЗША ажыццявілі шэраг захадаў насустрач рэжыму па-за межамі АДБ. У мінулым снежні амерыканскі ўрад зняў санкцыі з «Трастбанка», уведзеныя ў 2004 годзе за адмыванне грошай.
У студзені 2015 года «Беларуськалій» адгрузіў першую за шэсць гадоў партыю калійных угнаенняў у ЗША. У мінулым годзе дзярждэпартамент без лішняй агалоскі вывеў «Беларуськалій» з-пад санкцый пасля таго, як урад Беларусі выдзеліў прадпрыемства са складу «Белнафтахіма». Не выключана, што па падобнай схеме будуць знятыя санкцыі з гродненскага «Азота».
Дзярждэпартамент займае невыразную пазіцыю што да супярэчлівага праекта будаўніцтва АЭС у Беларусі. У снежні 2010 года, за некалькі тыдняў да прэзідэнцкіх выбараў, бакі нечакана падпісалі мемарандум на ўзроўні міністраў замежных спраў (Мартынаў-Клінтан). ЗША падтрымалі ідэю будаўніцтва АЭС, а Беларусь пагадзілася вывесці ў Расію свае запасы высокаўзбагачанага ўрану.
У адказ на жорсткую рэакцыю ЗША на паслявыбарныя рэпрэсіі, Беларусь адмовілася ад выканання дамоўленасці і спыніла вывад урану. У сваю чаргу
Злучаныя Штаты ад сваёй станоўчай пазіцыі па АЭС не адмовіліся, нават нягледзячы на адмоўную грамадскую рэакцыю і на значны ціск Літвы.
Эрык Рубін наведаў Беларусь 26—28 лютага, каб сустрэцца з Лукашэнкам. Ён меў магчымасць асабіста даставіць яшчэ адну прыемную навіну. За дзень да прыезду Рубіна дзярждэпартамент зняў санкцыі з «Беларуснафты», што былі ўведзеныя ў 2011 годзе згодна з Законам аб санкцыях супраць Ірана.
Разам з тым, выйшла вельмі паказальна, што падчас візіту Рубіна адбыліся дзве драматычныя падзеі са значным сімвалізмам. Яны павінны былі нагадаць усім, хто няпэўны наконт матываў і асобы Лукашэнкі, аб метадах яго кіравання і ўтрымання ўлады.
Па-першае, 26 лютага суд падоўжыў на яшчэ адзін год турэмны тэрмін міжнародна прызнанаму палітычнаму зняволенаму Мікалаю Дзядку. Дзядка абвінавачвалі ў парушэнні формы вопраткі ў турме. Гэта яму каштавала год волі. Яго 4,5-гадовы тэрмін зняволення павінен быў скончыцца 3 сакавіка.
Па-другое, на наступны дзень быў забіты Барыс Нямцоў — выбітны расійскі дэмакрат, паслядоўны апанент Пуціна і сябра сапраўды вольнай і незалежнай Беларусі.
Для многіх у нашай краіне забойства Нямцова стала напамінам пра тое, што здарылася з найбольш заўважнымі апанентамі Лукашэнкі ў Беларусі. Яны знікалі, іх кідалі ў турмы, пагрозамі і ціскам прымушалі з’ехаць з Беларусі ці адмовіцца ад працягу палітычнай і грамадскай дзейнасці.
У выніку мэтанакіраваных сістэмных рэпрэсій рэжыму палітычная канкурэнцыя ў Беларусі знікла. У 90-х беларускае грамадства магло заявіць цэлы шэраг здольных лідараў, якія былі годнай альтэрнатывай Лукашэнку. Пасля 20 гадоў уладарання Лукашэнкі грамадства аслаблена як ніколі і не можа вылучыць і падтрымаць лідараў, здольных кінуць выклік рэжыму.
Злучаныя Штаты ніяк не адрэагавалі на новы прысуд Дзядку, хоць раней гэта было звычайнай практыкай.
Аднак акрамя гэтай заўважнай справы, у Беларусі штодзённа адбываюцца сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека, якія адсочваюцца праваабаронцамі. Нягледзячы на відавочна адмоўную дынаміку з правамі чалавека ў Беларусі, усё больш гучнае маўчанне ЗША стала нормай паводзінаў амерыканскай дыпламатыі.
Адметна, што, у адрозненне ад дзярждэпартамента, прэзідэнцкая адміністрацыя Абамы публічна не памяняла пазіцыю па Беларусі з чэрвеня 2014 года. Тады прэзідэнт ЗША працягнуў на яшчэ адзін год нацыянальнае надзвычайнае становішча ў дачыненні Беларусі, паколькі «дзеянні і палітыка некаторых членаў урада Беларусі і іншых асобаў працягваюць уяўляць нязвыклую і надзвычайную пагрозу нацыянальнай бяспецы і знешняй палітыцы Злучаных Штатаў». Упершыню гэты захад ЗША ўжылі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года, калі Лукашэнка застаўся прэзідэнтам на трэці тэрмін і канчаткова згубіў міжнародную легітымнасць.
Звяртае таксама ўвагу тое, што дзярждэпартамент хутка мяняе палітыку па Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Лукашэнка зрабіў усё, каб выключыць канкурэнцыю на выбарах праз разбурэнне палітычнай апазіцыі і ўціск грамадзянскай супольнасці.
Змена палітыкі ў дачыненні да кіраўніка Беларусі менавіта зараз можа азначаць, што ЗША ўжо гатовыя пагадзіцца з тым, што Лукашэнка захавае ўладу пасля выбараў. Разам з тым, застаецца адкрытым пытанне, ці будуць вынікі гэтых выбараў прызнаныя легітымнымі ва ўмовах адсутнасці вяршэнства права і палітычнай канкурэнцыі.
Непаслядоўнасць Злучаных Штатаў у скарыстанні ўласных рашэнняў датычна Лукашэнкі бянтэжыць. Тым часам яго рэжым набліжаецца да складанага перыяду. Беларуская эканоміка вельмі слабая, а галоўны спонсар Лукашэнкі, Расія, імкліва ўваходзіць у стан рэцэсіі. Беларусі надзвычай важна атрымаць новы крэдыт МВФ. Да таго ж Лукашэнка і сам занепакоены агрэсіўнымі паводзінамі Масквы і імкнецца нармалізаваць адносіны з Захадам. Тым не менш, Злучаныя Штаты асэнсавана паставілі сябе на пазіцыю слабога, хоць маюць неабходны арсенал і падставы заставацца паслядоўнымі і цвёрдымі.
Няясна, што дзярждэпартамент бачыць у якасці свайго жаданага выніку ад новага падыходу да Беларусі. Асобнага вывучэння заслугоўваюць мэты і задачы ЗША у Беларусі.
Працэс непразрысты, публічныя заявы разыходзяцца з практычнымі дзеяннямі, і беларускі бок не прадставіў аніякіх заўважных крокаў насустрач акрамя працягу ціску на грамадства. Нельга выключаць і наступствы: агрэсіўную рэакцыю раўнівай Расіі і/ці узмацненне рэпрэсій у Беларусі. Выглядае на тое, што новы падыход амерыканцаў да Лукашэнкі дыктуецца іншымі прыярытэтамі, якія не маюць наўпроставага дачынення да беларуска-амерыканскіх адносінаў і нацыянальных інтарэсаў Беларусі.