Навіны

Валянцін Стэфановіч: На жаль, не ўсе еўрапалітыкі жадаюць заўважаць, што адбываецца ў Беларусі

Сітуацыя, якая склалася вакол палітвязня Міколы Статкевіча, вельмі сімптаматычная, паколькі яна дэманструе, што беларускія ўлады, па-першае, не жадаюць вызваляць палітвязняў, а, па-другое, толькі імітуюць дыялог з Еўразвязам.

Так намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч каментуе інфармацыю пра новы суд, які чакае Мікалая Статкевіча ў зняволенні. 

Акрамя таго, ён нагадвае пра крымінальны пераслед палітвязня Мікалая Дзядка і новую крымінальную справу супраць Юрыя Рубцова, які мае ўсе шансы патрапіць у калонію.

“Вяглядае, што перад МЗС Беларусі стаіць задача як мага больш выціснуць з геапалітычнай сітуацыі, якая склалася вакол украінскага канфлікту. Пры гэтым унутры краіны ніякіх пазітыўных зменаў не адбываецца, і мы бачым, што няма палітычнай волі кіраўніцтва краіны на гэтыя змены”, – кажа праваабаронца.

Як раней падкрэслівалі прадстаўнікі “Вясны”, у сувязі з набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў задача ўнутры краіны ставіцца зусім іншая – стрымліваць любыя праявы грамадскай актыўнасці, пра што неаднаразова казаў і Лукашэнка. Ужо зараз песімістычныя прагнозы праваабаронцаў пачынаюць збывацца. Так, узмацняецца ціск і на прадстаўнікоў праваабарончай супольнасці.

“Нават на фоне такога кволага палітычнага кантэксту ўнутры краіны ўзровень рэпрэсій павялічваецца. Мы бачым, што адбываецца ў рэгіёнах – атакі на праваабаронцаў. Ператрусы ў журналіста і праваабаронцаў у Магілёве відавочна скарыстоўваліся не столькі для праверкі па заяве аб дыфамацыйным артыкуле на рэгіянальным сайце пра кіраўніка аднаго з прадпрыемстваў, колькі для пошуку зачэпак для магчымых распрацовак мясцовых праваабаронцаў: кампутар, які міліцыя вярнула ўладальніку, правяралі па пошукавых словах “распіска”, “заяўка”, “грант”, “справаздача”, “Вясна” і так далей. Таксама ў чарговы раз улады спрабавалі зліквідаваць Магілёўскі праваабарончы цэнтр. Паказальная сітуацыя з праваабаронцам Леанідам Судаленкам у Гомелі, якому пагражаюць крымінальнай справай”, – пералічае апошнія выпадкі Стэфановіч.

Праваабаронца ўпэўнены, што прынамсі да прэзідэнцкіх выбараў ніякіх зрухаў да лепшага ў краіне не будзе, і ў сувязі з гэтым выказвае шкадаванне з нагоды таго, што некаторыя еўрапейскія палітыкі, маючы найперш геапалітычныя інтарэсы і перавагі, не жадаюць заўважаць, што зараз адбываецца ў Беларусі.

spring96.org