Васьковіч Яўген
Вызвалены 22 жніўня 2015 г.
Яўген Васьковіч нарадзіўся ў Бабруйску 26 лютага 1990 году ў сям’і рабочых. Пасьля школы вучыўся завочна на журналісцкім аддзяленьні філялягічнага факультэту Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова. Працаваў у газэце “Бобруйский курьер”.
Прыхільнік партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”, якая актыўна ствараецца. Удзельнік Плошчы-2010, за якую быў пакараны — адседзеў 12 сутак на “Акрэсьціна”.
Храналёгія перасьледу
Яго затрымалі 17 студзеня ў Магілёве на наступны дзень пасьля яго ўдзелу ў акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі. У Магілёў ён прыехаў здаваць сэсію.
У траўні 2011 году Яўген Васьковіч быў асуджаны разам з Арцёмам Пракапенкам і Паўлам Сырамолатавым на 7 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за спробу падпалу ў ноч на 17 кастрычніка 2010 году будынку Бабруйскага КДБ, у які былі кінутыя бутэлькі з запальнай сумесьсю.
Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенку і Паўла Сырамолатава судзілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу — “Злоснае хуліганства” і “Наўмыснае прычыненьне шкоды ў асабліва буйных памерах”.
Пракурор Тоўсьцік прасіла суд прысудзіць маладых дюдзей да пазбаўленьня волі на тэрмін ад 7,5 да 8 гадоў з адбываньнем пакараньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Па словах дзяржабвінавачаньня, папярэдняе сьледзтва цалкам даказала віну падсудных. На думку пракурора, яны маглі проста зьнішчыць будынак КДБ, нанесеная шкода ў такім выпадку склала б каля двух мільярдаў рублёў (на той час — 444,44 тыс. даляраў).
Акрамя таго, заявіла Тоўсьцік, “напад на КДБ быў відавочным выклікам грамадзтву з дэманстрацыяй сваёй беспакаранасьці”.
Адвакаты, у сваю чаргу, заўважылі, што іх падабаронныя давалі паказаньні пад ціскам і зьбіраліся не спаліць будынак, а толькі яго пашкодзіць. На думку абароны, довады абвінаваўцы грунтуюцца толькі на ўяўленьні таго, што магло б здарыцца, тады як рэальная шкода ад дзеяньняў маладых людзей складае 253 тыс. рублёў (56,2 даляра), якія ўжо выплачаныя.
Акрамя таго, заявілі адвакаты, Беларускае тэлебачаньне неправамерна выкарыстала відэазапісы папярэдняга сьледзтва аб нападзе падсудных на будынак КДБ для свайго фільму. Маладых людзей там паказалі як асобаў, што не маюць уласных жыцьцёвых перакананьняў, якія гатовыя зьнішчыць усё, што толькі бачаць.
Адвакат Яўгена Васьковіча адзначыў, што малады чалавек растлумачыў матывы свайго ўчынку жаданьнем адказаць супрацоўнікам праваахоўных органаў, якія ўжываюць непрапарцыйныя дзеяньні ў дачыненьні да дэмакратаў. Абарона прасіла суд пакараць юнакоў, не пазбаўляючы іх волі.
Павал Сырамолатаў і Арцём Пракапенка у сваім апошнім слове заявілі, што раскайваюцца. Яны таксама прасілі суд аб літасьці ў вынясеньні прысуду. Яўген Васьковіч жа заявіў, што не шкадуе аб зробленым. Ён сказаў, што лічыць сябе літвінам, а сваім абавязкам — абараняць нацыянальныя беларускія каштоўнасьці.
“За іх я памерці гатовы, таму што жыцьцё кароткае, а Радзіма вечная”, — сказаў апазыцыянэр, дадаўшы, што ён не баіцца цяжкасьцяў i з годнасьцю іх пройдзе. Яўген Васьковіч скончыў свой выступ словамі “Жыве Беларусь!”.
Спачатку адбываў пакараньне ў Магілёўскай калёніі № 15, а 12 кастрычніка 2011 году пераведзены на больш жорсткі рэжым — у памяшканьне крытага тыпу (ПКТ), у Магілёўскую турму № 4. Там ён некалькі разоў трапляў у штрафны ізалятар за непадпарадкаваньне.
22 жніўня 2015 г. стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка памілаваў шасцярых палітвязняў — Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча, Міколу Статкевіча, Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенку і Юрыя Рубцова. У паведамленні адзначаецца, што рашэнне пра іх памілаванне прынятае паводле “прынцыпа гуманізму”.
Дэталі
Прозьвішча, імя, імя па бацьку:
Васьковіч Яўген Сяргеевіч.
Дата нараджэньня:
26 лютага 1991 г.
Мера стрыманьня да суда:
пад вартай з 17 студзеня 2011 г.
Артыкул:
ч. 2 арт. 339 (злоснае хуліганства) і ч. 3 арт. 218 (наўмыснае зьнішчэньне альбо пашкоджаньне маёмасьці ў асабліва буйных памерах) КК РБ.
Калі і кім асуджаны:
18 траўня 2011 г. судом г. Бабруйску і Бабруйскага раёну Магілёўскай вобласьці. Судзьдзя — Павал Карцінін, пракурор — Любоў Тоўсьцік.
Санкцыя:
7 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Грамадзянства:
Рэспубліка Беларусь.
Новы паштовы адрас:
212013, г. Магілёў, Слаўгарадская шаша, 183, ВК-15.
Стары паштовы адрас:
212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99а, турма № 4