Васьковіча заклікаюць напісаць прашэнне аб памілаванні, але ён будзе “несці свой крыж за Беларусь”
Мясцовая дэмакратычная рада збіраецца зладзіць акцыю сярод бабруйчанаў – каб як мага больш людзей далучылася да падтрымання Яўгена Васьковіча, і каб пераканаць яго падаць прашэнне аб памілаванні.
“Мы выйдзем на вуліцы, будзем спыняць людзей і прасіць іх, каб яны напісалі Яўгену словы падтрымання ў напісанні прашэння аб памілаванні. Я лічу, што гэта неабходна, што Жэня мае падаць прашэнне – што б там хто пра яго потым ні сказаў. Ён ужо паказаў сябе – і сваю смеласць, і моц, і з гэтымі якасцямі ён нам патрэбны тут, на волі”, – кажа каардынатарка прафсаюзу РЭП у Бабруйску Галіна Смірнова.
Тэрмін зняволення Васьковіча заканчваецца толькі ў 2018 годзе, і спадарыня Смірнова непакоіцца, што за гэты час з маладзёнам можа нешта здарыцца: “Гэта не год і не два. Ён і здароўе там сваё згубіць, і хто ведае, якім ён стане там – у ізаляцыі ды, самі разумееце, з якім кантынгентам. А ён жа – малады хлопец. Няма сэнсу яму там сядзець і губляць свае найлепшыя гады”.
Павал Сырамолатаў у верасні 2012 года напісаў прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі ды выйшаў на волю. Яўген Васьковіч катэгарычна адмаўляецца пісаць прашэнне і працягвае адбываць пакаранне ў магілёўскай турме № 4.
Яўген Васьковіч быў асуджаны ў 2011 годзе разам з Паўлам Сырамолатавым і Арцёмам Пракапенкам на 7 гадоў пазбаўлення волі за спробу падпалу будынку КДБ у Бабруйску.
Яўгенава бабуля Тамара Васьковіч пацвярджае, што ў лістах ён не аднойчы пісаў ёй, каб яго не прасілі ды не пераконвалі, бо ён не напіша прашэння ні ў якім выпадку і да канца будзе “несці свой крыж за Беларусь”.
Валер Карбалевіч: «Прашэнне аб памілаванні – асабісты маральны выбар чалавека»
“Зразумела, што ўлады будуць прэзентаваць усе прашэнні як прызнанне вязнямі віны – і будуць гэта выкарыстоўваць. Але ацэньваць такі крок калі хто і можа, на мой погляд, то толькі той чалавек, які сам прайшоў праз гэтыя выпрабаванні ды ведае, якое яно – жыццё за кратамі”, – адзначае палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.
Пагаджаецца з такім меркаваннем і палітолаг Аляксандр Класкоўскі: “У кожнага свая мяжа трываласці. І нельга кідаць камянёў у тых, хто напісаў прашэнні ды такім чынам выйшаў на волю. Але разам з тым людзі, што цяпер застаюцца за кратамі – той жа Статкевіч, Дашкевіч, Васьковіч, – яны там трымаюцца з прынцыпаў. Для іх гэта справа гонару – прайсці праз усе выпрабаванні ды выйсці не зламанымі, з высока ўзнятаю галавою”.
Заклікі да напісання прашэння могуць быць успрынятыя як падыгрыванне ўладам
Аляксандр Класкоўскі заўважае, што ўлады даўно ўжо ціснуць на палітвязняў, і што ім было б выгадна, калі б усе “палітычныя” напісалі прашэнні. Бо тады патрабаванне Еўразвязу вызваліць палітвязняў было б выкананае – але не праз зняцце з іх абвінавачанняў і рэабілітацыю, а праз нібыта прызнанне імі сваёй віны.
“Аднак калі да гэтага часу ні той жа Статкевіч, ні Дашкевіч ці Васьковіч гэтага не зрабілі, то не думаю, што нейкі заклік аднаго з палітыкаў ці нават некалькі дзясяткаў лістоў неяк пахіснуць пазіцыю гэтых людзей”, – мяркуе спадар Класкоўскі.
На думку палітолага, акцыі ці заклікі напісаць прашэнні з боку пэўнай часткі апазіцыі выглядаюць двухсэнсоўна і могуць выклікаць непаразуменне ў іншай часткі ды стварыць уражанне, што вядзецца “падыгрыванне рэжыму”.
Марына Маўчанава, belsat.eu