АсобаПалітвязні

«Вельмі парадавала салідарнасьць беларусаў, якая адчуваецца і тут…»

М.Статкевіч пра добрае ў 2021-м…

— Год быў страшны ва ўсіх адносінах — зьвесткі аб сьмерцях сяброў, арыштах, эміграцыі. Але і ў самыя страшныя часы трэба бачыць нагоды для радасьці, бо пачуцьцё радасьці — гэта каштоўны рэсурс, які надае сілаў і энэргіі. На свабодзе такія нагоды знайсьці лягчэй — адна прырода можа прынесьці безьліч радасных імгненьняў. Тут жа толькі паспрабуй напісаць каму-небудзь пра свае радасьці ў гэтай бэтоннай скрынцы, як іх паспрабуюць у цябе забраць. Таму шчырым да канца ня буду і пра ўсё не скажу :-). Толькі пра тое, што вельмі парадавала салідарнасьць беларусаў, якая адчуваецца і тут.

Найперш, пра лісты падтрымкі. Большасьць лістоў не даходзіць, як і маіх адказаў на тыя, што дайшлі. Але людзі працягваюць пісаць, зьбіраюцца разам, разьмяркоўваюць адрасы палітвязьняў, каб падтрымаць усіх. Дзякуй вам, сябры!

Парадавала гэтым разам прынцыповая пазыцыя Захаду да Беларусі. З апошніх выпадкаў — рэакцыя канцлера Нямеччыны Оляфа Шольца і партыі «зялёных» на вядомыя тэлефанаваньні.

Ня буду хаваць, яшчэ радуе катастрафічнае падзеньне інтэлектуальнага ўзроўню сыстэмы, што выразна відно па яе дзеяньнях. Значыць, разумныя адтуль сыходзяць :-).

phonoteka.org