Здарэнні

Відавочцы затрымання сляпога на станцыі метро «Уручча» патрабуюць пакараць міліцыянтаў

Пад інтэрнэт-петыцыяй ужо сабрана больш за 500 подпісаў.

Інцыдэнт, які здарыўся 18 верасня на выхадзе з вестыбюля станцыі метро «Уручча», атрымаў развіццё. Відавочцы затрымання сляпога мужчыны міліцыяй патрабуюць пакарання для супрацоўнікаў праваахоўных органаў, піша «Салiдарнасць».

Пад інтэрнэт-петыцыяй на платформе change.org паводле стану на 17.30 19 верасня было сабрана амаль 1500 подпісаў.

Раней адзін з карыстальнікаў сацыяльных сетак Вконтакте размясціў відэа, на якім бачна, як супрацоўнік міліцыі цягне сляпога мужчыну па прыступках за нагу. У гэты момант відавочцы пачынаюць гучна абурацца, узнікае бойка.

Нагадаем, паводле афіцыйнай версіі, агучанай напярэдадні вечарам, пры дастаўленні мужчыны ў пакой міліцыі ён аказаў супраціў і, паводле папярэдняй інфармацыі, пакусаў двух супрацоўнікаў за рукі.

З якой прычыны быў затрыманы мянчук, у ГУУС не ўдакладнілі. Як піша ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» адзін з відавочцаў, затрыманы і праўда падрапаў руку аднаму з міліцыянтаў: «Са слоў людзей, якія там жывуць, гэты чалавек амаль кожны дзень сядзіць у метро і ўсе яго ведаюць, і дапамагаюць яму, і вось сёння да яго падышлі два міліцыянты і сталі без якіх-небудзь падстаў да яго прыставаць, і ён не разумеючы, што адбываецца даў адпор і падрапаў руку міліцэйскаму».

Відавочца сцвярджае, што сляпы мужчына не кусаў міліцыянтаў за рукі. З ягоных слоў, гэта могуць пацвердзіць і іншыя сведкі.