Віталь Рымашэўскі: Адна з галоўных задач назірання – фіксацыя рэальнага прыходу выбарцаў
Фіксацыя байкоту і непрызнанне выбараў адбытымі дапаможа захаваць нашу краіну незалежнай, захаваць шанец на справядлівыя выбары ў будучыні.
Завяршыўся адзін з самых важных этапаў назірання – фармаванне ўчастковых выбарчых камісій. Непасрэдна на этапе фармавання ўчастковых камісій адбываюцца ўсе фальсіфікацыі. Аб гэтым піша сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі на сайце «Беларускія навіны».
Толькі сябры ўчастковых камісій непасрэдна могуць пракантраляваць, як людзі галасуюць на самай справе. Ва ўмовах, калі назіральнікаў нават блізка не падпускаюць да сталоў, наяўнасць у складзе ўчастковых камісій незалежных ад улады людзей з\’яўляецца адзінай магчымасцю праверыць дакладнасць галасавання.
На гэты момант ва ўчастковыя выбарчыя камісіі (УВК) уключаны беспрэцэдэнтна нізкі адсотак прадстаўнікоў дэмакратычных сіл. Унесеныя ў 2013 годзе змены ў Выбарчы кодэкс не прадухілілі няроўнага доступу палітычных сіл да працы ў выбарчых камісіях. 99,45% УВК будуць працаваць наогул без кантролю з боку апазіцыі, так як ні адзін з вылучаных прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў ці аб\’яднанняў у іх не быў уключаны.
Створаныя ўчастковыя выбарчыя камісіі цалкам знаходзяцца пад кантролем уладаў. Большасць людзей, якія ўключаны ў іх склад, – гэта прадстаўнікі БРСМ, «Белай Русі» і фэйкавых партый, аб рабоце якіх ніхто ніколі не чуў. Гэта праўладныя, інтэграваныя ва ўладную сістэму структуры. Таму ўлада, і, адпаведна, дзеючы кіраўнік дзяржавы – цалкам кантралююць падлік галасоў.
Толькі факты:
Асноўныя высновы:
1. Склад участковых выбарчых камісій сфармаваны з беспрэцэдэнтна малым прадстаўніцтвам апазіцыі. Нават у параўнанні з ранейшымі выбарчымі кампаніямі (напрыклад, з парламенцкімі выбарамі 2012 года, выбарамі прэзідэнта 2010 года) і без таго мізэрнае прадстаўніцтва апазіцыі значна скарацілася: фактычна можна казаць толькі аб адзінкавых выпадках уключэння ў склад УВК сябраў апазіцыйных палітычных партый і незалежных грамадскіх аб\’яднанняў.
2. Унесеныя ў 2013 годзе ў Выбарчы кодэкс змены не прадухілілі няроўнага доступу палітычных сілаў да ўдзелу ў працы выбарчых камісій. Абсалютная большасць вылучаных у УВК прадстаўнікоў праўладных аб\’яднанняў была ўключаная ў склад камісій, у той час як амаль усім вылучэнцам апазіцыйных арганізацый было адмоўлена.
Арганізацыі-ўдзельнікі кампаніі «Права выбару-2015» вылучылі ў склад УВК 374 сваіх прадстаўніка (як ад арганізацый, так і шляхам збору подпісаў), але толькі 6 чалавек (1,6% ад колькасці вылучаных) былі ўключаныя ў склад УВК. Прадстаўніцтва іншых апазіцыйных структур у складзе УВК таксама мізэрная.
3. Створаныя УВК знаходзяцца пад поўным кантролем выканаўчай улады: 99,45% УВК будуць працаваць без удзелу прадстаўнікоў апазіцыі.
Пасля таго, як не сабралі патрэбную колькасць подпісаў тыя, хто мог стаць моцным апанентам дзеючай улады, вынік кампаніі стаў відавочны. Тое, што адбываецца цяпер, падобна нават не на імітацыю выбарчай кампаніі, а на кампанію па новай інаўгурацыі старой персоны.
Людзі гэта разумеюць. Шанцаў на справядлівыя выбары практычна няма. Упэўнены, што з гэтай прычыны, нягледзячы на заканадаўчую забарону заклікаў да байкоту, большасць беларусаў гэтыя «выбары» праігнаруюць. І гэта адбудзецца без усялякіх заклікаў з боку апазіцыі.
Паказальна, што ў Менску ніводны з прадстаўнікоў апазіцыйных партый не быў уключаны ў склад УВК. Менавіта Менск апошнім часам «выбары» ігнараваў.
Тое, што выбары несправядлівыя, мы з вамі выдатна ведаем. Але для міжнароднай супольнасці, для беларусаў, якія яшчэ вераць у сумленныя выбары, неабходныя юрыдычна абгрунтаваныя, зафіксаваныя факты парушэнняў.
У сённяшніх умовах, у першую чаргу, гэта падлік тых, хто прыйшоў прагаласаваць і фіксацыя фальсіфікацыі прыходу выбарцаў. Нагадаю, што юрыдычна выбары адбыліся, калі на ўчасткі прыйшло і прагаласавала больш за 50% выбаршчыкаў.
Кампанія «Права выбару-2015» вылучыць максімальна магчымую колькасць назіральнікаў, якія будуць працаваць на тысячы ўчасткаў па ўсёй Беларусі. У адрозненне ад іншых кампаній назірання, нашы назіральнікі будуць прысутнічаць на ўчастках пастаянна. Зафіксаваць байкот будзе магчыма.
На фоне падзей ва Украіне растуць спекуляцыі на тэму неабходнасці легітымацыі існуючай улады перад пагрозай незалежнасці Беларусі з боку Расеі. Спрыяльныя для беларускіх уладаў замежнапалітычныя ўмовы даюць падставу многім асобам, як у Беларусі, так і за мяжой, для заклікаў да легалізацыі рэжыму.
Легалізацыя цяперашняй улады не толькі не абароніць незалежнасць Беларусі, але зробіць легітымнымі ўсе акты па здачы суверэнітэту ці ўжо падпісаныя ёй, або тыя, што яна падпіша ў будучыні. Паспешныя саступкі рэжыму ва ўгоду імгненнай палітычнай прагматызму могуць прывесці да катастрофы ў будучыні.
Фіксацыя байкоту і, адпаведна, непрызнанне выбараў адбытымі, дапаможа захаваць нашу краіну незалежнай, захаваць шанец на справядлівыя выбары ў будучыні.
Заклікаю ўсіх неабыякавых людзей стаць назіральнікамі. Для гэтага дастаткова звязацца з каардынатарамі кампаніі «Права выбару-2015» і запоўніць адпаведную анкету.
Запрашайце сваіх сяброў і знаёмых. Давайце разам зробім крок у барацьбе за права народа выбіраць ўладу і кіраваць сваёй краінай.