Навіны

Віталь Рымашэўскі: Браць удзел у «выбарах» нельга

Адзіна магчымая мэта прысутнасці грамадзяніна Беларусі на «выбарчым» участку – гэта фіксацыя правалу «выбараў».

Пра гэта заявіў charter97.org сустаршыня аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі.

– Сёння Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча, агучыла ягоны зварот, у якім, з яе слоў, гаворыцца пра тое, што «ўдзел часткі апазіцыі робіць малаэфектыўным байкот выбараў». Таксама прагучаў заклік да тых, хто прыйдзе на выбарчыя ўчасткі, «напісаць сваё пасланне ў бюлетэні, якое б дакладна сведчыла аб непрыманні палітыкі кіроўнага рэжыму». Ці супадае гэтая пазіцыя з меркаваннем усёй ініцыятыўнай групы?

– Я ўваходжу ў ініцыятыўную групу Мікалая Статкевіча, і яшчэ амаль 500 хрысціянскіх дэмакратаў разам са мной. Мы нікога не заклікаем ісці на выбарчыя ўчасткі, і я не ўважаю гэтую пазіцыю за правільную.

На выбарчых участках людзі могуць быць толькі ў адной якасці – у якасці незалежных назіральнікаў. Удзел у незалежным назіранні я дапускаю. У тым ліку для таго, каб зафіксаваць рэальную яўку людзей на гэтыя «выбары». Я нагадваю, што парог яўкі павінен складаць не менш за 50%, і я вельмі сумняваюся, што столькі людзей прыйдзе на гэтыя «выбары».

Зафіксаваць адсутнасць яўкі – гэта азначае не проста зафіксаваць правал «выбараў», але і яшчэ раз даказаць іх нелегітымнасць. Галасаваць жа я нікога не заклікаю.

Беларускія хрысціянскія дэмакраты, уступіўшы ў ініцыятыўную групу Мікалая Статкевіча, бачылі ў гэтым канкрэтную мэту – вызваленне палітвязняў, інфармаванне людзей аб тым, што ёсць палітвязні. І мы будзем прадаўжаць збіраць подпісы за вызваленне палітвязняў і патрабаваць ад беларускіх уладаў гэта зрабіць. Гэтая кампанія будзе праводзіцца незалежна ад «выбараў» і тычыцца ўсіх палітвязняў, у тым ліку і Мікалая Статкевіча.

У гэтым пытанні мэты і паслядоўнасць дзеянняў відавочныя. Што тычыцца «выбараў», то мы мяркуем, што важным аспектам кансалідацыі беларускага грамадства будзе кантроль за яўкай выбаршчыкаў. Але ні ў якім разе не ўдзел у галасаванні.

– А якая ваша асабістая пазіцыя ў дачыненні да «выбараў»?

– Я галасаваць не пайду.

Раней у адным з турэмных лістоў Мікалай Статкевіч заявіў, што даў згоду на фармаванне ініцыятыўнай групы па вылучэнні яго кандыдатам у прэзідэнты. «А пасля гарантаванай адмовы ў яе рэгістрацыі абвясціць байкот», – напісаў палітык.

Хартыя\’97