Навіны

Вольга Нікалайчык: Надыдзе час – і Міхаіл Жызнеўскі стане героем і ў Беларусі

Сёння адбылося афіцыйнае адкрыццё помніка на магіле беларуса Міхаіла Жызнеўскага, які загінуў адным з першых падчас Рэвалюцыі годнасці ва Украіне.

Аб падрабязнасцях мерапрыемства сайту charter97.org распавяла беларуская кінарэжысёрка, ініцыятарка збору сродкаў на адкрыццё помніка Вольга Нікалайчык.

«Я мяркую, што ўсё атрымалася так, як павінна было быць – без патэтыкі, без нейкіх афіцыйных персон. Усё было шчыра, цёпла і па-братэрску. На цырымоніі прысутнічалі блізу 35-40 чалавек – з Беларусі і Украіны.

З Украіны прыехала дэлегацыя арганізацыі «Сям\’я Герояў Нябеснай сотні» – сваякі тых, хто страціў блізкіх падчас расстрэлу Майдана, у тым ліку і кіраўнік арганізацыі. Ён сам страціў сына падчас рэвалюцыі ва Украіне.

Помнік асвяціў святар Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы айцец Леанід Акаловіч.

Паэт Эдуард Акулін прачытаў свой верш, прысвечаны Міхаілу Жызнеўскаму, радкі з якога выбітыя на помніку.

Спявачка Вольга Цярэшчанка выканала ўкраінскую песню «Плыне кача», якая з часу крывавага задушэння народных выступаў на Майдане стала адным з сімвалаў памяці аб загінулых за незалежнасць Украіны.

Таксама ўсімі ўдзельнікамі цырымоніі быў падпісаны зварот да прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі з тым, каб Міхаілу Жызнеўскаму было афіцыйна прысвоеная годнасць Героя Украіны.

Аўтарам помніка стаў вядомы беларускі скульптар Алесь Шатэрнік. Ён зроблены з вялікай груды граніту «Аўрора» чырвонага і чорнага колераў і вылучаецца памерамі на фоне астатніх помнікаў на могілках. На пліце размешчаны барэльефны партрэт Міхаіла, выявы беларускіх і ўкраінскіх нацыянальных сімвалаў – «Пагоні» і «Трызубца» – а верш Эдуарда Акуліна, прысвечаны памяці Жызнеўскага, надпіс «Героі не паміраюць» і прысвячэнне «Герою Украіны і Герою Нябеснай сотні».

Хоць афіцыйна ўкраінскі ўрад пакуль не надаў Міхаілу гэтай годнасці, мы ўпэўненыя, што гэта адбудзецца. Акрамя таго, ён ужо герой для беларускага і ўкраінскага народа. І надыдзе час – і Міхаіл Жызнеўскі стане афіцыйна героем Беларусі, і яго імем назавуць вуліцы ў Гомелі і Менску», – распавяла Вольга Нікалайчык.

Хартыя\’97