Вячаслаў Сіўчык: Думаю, з рэгістрацыяй у Беларусі будуць праблемы
Рух салідарнасці «Разам» распачне спробу афіцыйнай рэгістрацыі ў Міністэрстве юстыцыі Беларусі.
Пра гэта паведаміў БелаПАН лідар арганізацыі Вячаслаў Сіўчык.
Ён нагадаў, што на гэты момант рух зарэгістраваны ў Чэхіі, Польшчы і Літве, аднак за дзевяць гадоў дзейнасці арганізацыі не рабілася ні адной спробы зарэгістраваць яе ў Беларусі.
«Раней на рэгістрацыю ў Беларусі наогул не было шанцаў, цяпер, верагодна, таксама будуць праблемы. Хоць у перспектыве, я спадзяюся, што рух усё ж атрымаецца зарэгістраваць у нас у краіне», – сказаў Сіўчык.
Палітык паведаміў, што 12 лістапада адбудзецца сход менскіх актывістаў руху, на якім будзе абвешчана аб стварэнні гарадскога аб\’яднання руху салідарнасці «Разам». «Пачнём са стварэння менскай арганізацыі руху, затым створым рэспубліканскі», – адзначыў ён.
Сіўчык таксама паведаміў, што «галоўная мэта сходу – абмеркаваць сітуацыю, якая склалася цяпер у Беларусі».
«Будзем праводзіць рэарганізацыю руху. Я вельмі спадзяюся, што сход дапаможа больш паспяхова працаваць як у напрамку барацьбы з этнацыдам, так і ў напрамку падтрымкі прадпрымальнікаў, палітвязняў», – сказаў ён.
Нагадаем, Сіўчык вымушаны быў з\’ехаць з Беларусі пасля падзеяў 19 снежня 2010 года, баючыся пераследу. У краіну ён вярнуўся 15 верасня сёлета. За гэты час палітык ужо быў некалькі разоў аштрафаваны за ўдзел у несанкцыянаваных уладамі мерапрыемствах.