Вянок памяці: Віктар Сырыца
Лідэр баранавіцкай дэмакратычнай супольнасьці, гісторык Віктар Сырыца памёр сёньня раніцай ва ўзросьце 62 гадоў.
Баранавіцкі актывіст, лідэр прадпрымальніцкага руху Мікола Чарнавус зьбіраўся выяжджаць а 9-й раніцы разам зь Віктарам Сырыцам у Менск на паседжаньне руху «За свабоду». На станцыі «Баранавічы-Цэнтральныя» Віктару стала дрэнна. Рэанімабіль, які прыехаў на выклік Чарнавуса, ня змог дапамагчы, лекары канстатавалі сьмерць.
«Баранавічы страцілі вельмі добрага чалавека. Чалавека, які нарадзіўся ў дзень сьмерці Сталіна, у 1953 годзе. Але за дзесяць год да пэнсіі ён трапіў у такі ж самы ГУЛАГ. Яму таксама дыхаць не давалі, яго прэсавалі… І вось падарвалі чалавеку здароўе. А сёньня мы яго страцілі. Вельмі добры чалавек, у любую хвіліну прыйдзеш — дапаможа», — сказаў «Радыё Свабода» Мікола Чарнавус.
Жыхарка Баранавічаў Тацяна Малашчанка была вучаніцай Віктара Сырыцы, а апошнія гады разам зь ім дабівалася беларускамоўнай адукацыі для сваіх дзетак. У размове з карэспандэнтам Свабоды ня можа стрымаць сьлёз:
«Віктар Антонавіч калісьці вучыў мяне ў школе, калі я была ў сёмай клясе. Ён заўсёды быў Настаўнікам для нас тут усіх у Баранавічах, і для мяне асабіста. Ён заўсёды дапамагаў, і ў нашай справе беларускага навучаньня, і ўсё імпрэзы праходзілі празь яго… Ён аб’ядноўваў людзей, нават тых, якія варагавалі па жыцьці. Ён нас усіх аб’ядноўваў, салідарызаваў, зьбіраў. Мы былі зь ім як сям’я. А цяпер я ня ведаю, гэта такая страта… Я сёньня хацела яму тэлефанаваць, паведаміць, што ў нашу беларускую клясу далучыўся хлопчык, і ў нас новы клясны кіраўнік будзе, гісторык, як Віктар Антонавіч. Я не пасьпела, але думаю, што цяпер Віктар Антонавіч усё гэта ведае. Бо я веру, што сьмерці няма і ён проста сышоў у вечны горад…»
Віктар Сырыца быў старшынём Баранавіцкай рады Таварыства беларускай мовы, мясцовым лідэрам руху «За свабоду». На сядзібе ТБМ у Русінах пад Баранавічамі Віктар Сырыца ладзіў розныя культурніцкія імпрэзы, як фэст «Баранавіцкая вышыванка», краязнаўчыя чытаньні, прысьвечаныя Першай усясьветнай вайне, ды іншыя.
У 2013 годзе, на юбілей паўстаньня 1863 году, Віктар Сырыца зладзіў «Мілавідзкі фэст», прысьвечаны найбуйнейшай бітве паўстаньня. Тады ўлады палічылі фэст несанкцыянаванай акцыяй ды пакаралі Віктара Сырыцу штрафам.
Браў удзел Віктар Сырыца і ў палітычным жыцьці ў Баранавічах. На сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах ён быў сябрам тэрытарыяльнай выбарчай камісіі ў Баранавічах і адзіны прагаласаваў супраць зацьвярджэньня выніковага выбарчага пратаколу на знак пратэсту супраць фальсыфікацыяў. Калі Мікола Статкевіч быў за кратамі, Віктар Сырыца адведваў ягонага бацьку Віктара Статкевіча, які жыве ў Баранавічах.
За палітычныя погляды Віктара Сырыцу ў часе перадвыбарчай кампаніі 2006 году звольнілі з пасады выкладчыка ў баранавіцкім каледжы.
У Віктара Сырыцы засталася хворая жонка, здароўем якой ён апекаваўся апошнія гады, дзьве дачкі і трое ўнукаў.
Як распавялі сябры нябожчыка, разьвітаньне і пахаваньне адбудзецца празь некалькі дзён, бо чакаюць прыезду сваякоў з замежжа.