Выбары

Вярхоўны Суд адмовіўся разглядаць скаргу Мікалая Статкевіча (абноўлена)

Мінск, 24 ліпеня 2015 года. Сёння стала вядома, што Вярхоўны суд адмовіўся разглядаць скаргу на нерэгістрацыю ініцыятыўнай групы па вылучэнню Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты Беларусі.

Скарга была пададзеная 22 ліпеня, ва ўстаноўлены законам тэрмін, ад імя Мікалая Статкевіча яго законным прадстаўніком, кіраўніком ініцыятыўнай групы, Марынай Адамовіч.

На гэты момант няма афіцыйнай інфармацыі, па якой прычыне адмоўлена ў разглядзе скаргі. Па тэлефоне гэтую інфармацыю ў Вярхоўным судзе прадаставіць адмовіліся.

Марына Адамовіч мяркуе, што гэта рашэнне грунтуецца на нежаданні ўлады прадставіць пляцоўку для публічнага працэса і, тым самым, даць прадстаўнікам Мікалая Статкевіча мажлівасць выявіць парушэнні заканадаўства, якія цягнуцца ў часе.

[. . . . . . . . . ]

24 ліпеня Марына Адамовіч размаўляла праз тэлефон з памочнікам суддзі Валянціны Кулік«Памочнік мне паведаміў, што будзе накіраваны ліст з адмовай, з якога я ўсё даведаюся, але мне ўдалося дамагчыся ад яго інфармацыі, што скарга разглядацца не будзе», – сказала Адамовіч.

Яна адзначыла, што да атрымання афіцыйнага адказу не можа паведаміць, паводле якіх прычын адмоўлена ў разглядзе скаргі. «Магу толькі здагадвацца, чаму адмоўлена. Думаю, што выкарыстоўваецца ўсякая магчымасць, каб не даць трыбуну мне і ўсім, хто пагадзіўся ўвайсці ў ініцыятыўную групу Мікалая», – сказала Адамовіч.

Нагадаем, Цэнтрвыбаркам адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Статкевіча на пасяджэнні 20 ліпеня. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, каментуючы пастанову ЦВК, сказаў: «Я думаю, што група Статкевіча добра разумее, што ніякіх юрыдычных прэтэнзій з іх боку няма і быць не можа. Але я разумею, што гэта палітычны рух, і палітычны рух не заўсёды кіруецца законам. Яны праштурхоўваюць, прасоўваюць сваю палітычную ідэю, для іх гэта важней, чым самі выбары. Яны ведаюць, што мы паступілі ў поўнай адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам».

22 ліпеня Адамовіч падала скаргу ў Вярхоўны суд. Яна паведаміла, што пастанова аб абскарджанні дзеянняў Цэнтрвыбаркама ёю было прынятая яшчэ падчас пасяджэння ЦВК. «Мы мяркуем, і думаю, што абгрунтавана мяркуем, што не рэгістрацыяй ініцыятыўнай групы парушаныя правы 1.700 грамадзян, якія ўваходзяць у склад ініцыятыўнай групы», – сказала жонка палітыка.

Мікалай Статкевіч – кандыдат у прэзідэнты на мінулых выбарах, асуджаны ў траўні 2011 года на шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле абвінавачання ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года. Ён павінен выйсці на волю ў снежні 2016 года.

Міжнародныя арганізацыі прызналі Статкевіча вязнем сумлення.

Як паведаміла Марына Адамовіч, фармальнай прычынай адмовы ў разглядзе скаргі стала тое, што скарга была пададзена ёй ад імя Мікалая Статкевіча на падставе даверанасці на права прадстаўляць яго інтарэсы ва ўсіх дзяржаўных установах па любым пытанням і ў судзе, а таксама падаваць ад яго імя заявы і распісвацца за яго. Суддзя Вярхоўнага суда Кулік Вялянціна Генадзьеўна палічыла гэта дастатковай падставай для адмовы ў разглядзе скаргі.

Разам з тым, як стала вядома рэдакцыі, сябра ініцыятыўнай групы па вылучэнні Мікалая Статкевіча, Тамара Кавальчук атрымала адказ за подпісам Лідзіі Ярмошынай на сваю скаргу ў ЦВК, у якім ёй паведамілі, што правам абскарджваць рашэнне ЦВК мае толькі асоба, якая вылучаецца. І такая скарга ў Вярхоўны суд пададзеная Адамовіч М., якая з\’яўляецца прадстаўніком Мікалая Статкевіча. Права Марыны Адамовіч вцступаць прадстаўніком Мікалая Статкевіча пры гэтым не аспрэчвалася. На наш погляд, гэта сведчыць толькі аб тым, што рашэнне аб адмове прымалася не ЦВК і ВС.