Выбары

Выбары-2015: бюджэтных грошай на агітацыю кандыдаты больш не атрымаюць

Прэзыдэнцкія выбары 2015 году будуць адрозьнівацца ад усіх папярэдніх тым, што дзяржава больш ня зьбіраецца выдаткоўваць зарэгістраваным кандыдатам грошы на агітацыйныя матэрыялы.

Цэнтравыбаркам сам падрыхтуе адзіны буклет пра ўсіх кандыдатаў і разашле яго празь «Белпошту» ўсім выбарцам. Дадатковую інфармацыю пра сябе кандыдат у прэзыдэнты можа распаўсюдзіць толькі за кошт асабістага добраахвотнага фонду, ахвяраваньні ў які ня могуць быць ананімнымі. Калі раней такія фонды дазвалялі ствараць толькі пасьля афіцыйнай рэгістрацыі, то сёлета ёсьць магчымасьць зарэгістраваць фонд раней — адразу пасьля рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. Якое стаўленьне да гэтых навацыяў патэнцыйных удзельнікаў прэзыдэнцкай кампаніі і экспэртаў?

Афіцыйную інфармацыю пра зарэгістраваных кандыдатаў у прэзыдэнты Цэнтральная выбарчая камісія падрыхтуе ў выглядзе адмысловага буклета. І яго паштальёны зь «Белпошты» паводле дамовы з Цэнтравыбаркамам разьнясуць усім выбарцам, тлумачыць старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына:

«Мы гэткі варыянт упершыню апрабавалі на мясцовых выбарах. Але тады інфармацыю рыхтавалі мясцовыя выбарчыя камісіі. І атрымалася, як кажуць, хто ў лес, а хто па дровы. А мы ўжо зробім стандартны, я ўпэўненая, прыгожы буклет».

Адзіны буклет, на думку старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, які зьбіраецца ўдзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі 2015 году, — гэта прыхаваная форма цэнзуры:

«Калі б гэтыя сродкі перадаваліся кандыдату, ён бы меў мажлівасьць свабоды творчасьці. То бок ён сам бы расстаўляў акцэнты ў матэрыялах на розныя моманты сваёй выбарчай плятформы. А тое, што зробіць ЦВК, то яно толькі ўсё гэта нівэлюе. То бок плюсы самога кандыдата, ягонай каманды, ягонай праграмы будуць нівэляваныя праз пэўны набор біяграфічных і статыстычных дадзеных.

Я думаю, гэта такая прыкрытая цэнзура — зрабіць усіх нэўтральнымі, вычысьціць плюсы апазыцыйных кандыдатаў і да таго ж узяць пад кантроль распаўсюд інфармацыі. У нас доступу да гэтай інфармацыі ўсё роўна ня будзе».

Дадатковыя ўлёткі пра сябе кандыдаты ў прэзыдэнты могуць надрукаваць за грошы з асабістых фондаў. Аднак ці адважыцца хто ўносіць ахвяраваньні апазыцыйным прэтэндэнтам? — задаецца пытаньнем намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч:

«Я не ўяўляю сабе, хто будзе фінансаваць выбарчыя фонды апазыцыйных кандыдатаў, бо ананімныя ахвяраваньні ў нашай краіне забароненыя згодна з заканадаўствам. Ну, хіба што самі кандыдаты, калі ў іх ёсьць нейкія грошы. Але я ня думаю, што апазыцыйныя кандыдаты маюць сродкі для паўнавартаснай кампаніі.

А агульнаінфармацыйныя матэрыялы пра кандыдатаў рабілі і на апошніх парлямэнцкіх выбарах. Але ж там падаюцца толькі агульныя зьвесткі: дзе і калі нарадзіўся, дзе працуе. які гадавы прыбытак, ці ёсьць пагашаная альбо непагашаная судзімасьць… Толькі агульныя зьвесткі.

Але гэта ня будзе спрыяць роўнасьці кандыдатаў. Бо на кожных выбарах у нас адзін з кандыдатаў — дзейны кіраўнік дзяржавы. І ў яго проста непараўнальныя зь іншымі кандыдатамі магчымасьці выкарыстаньня адміністрацыйнага рэсурсу. І гэтыя сьмешныя буклеты, якія выдасьць ЦВК, гэтую няроўнасьць ніяк не ліквідуюць».

Сабраць грошы на правядзеньне сёлетняй выбарчай кампаніі будзе, як ніколі раней, складана, — лічыць Анатоль Лябедзька:

«Таму мы прынялі ўжо рашэньне, што ня будзем плаціць грошы за збор подпісаў. Гэта будзе выключна валянтэрская група. Мы ставім задачу мець тысячу людзей, якія самі пагадзіліся сабраць 100–120 подпісаў. І тады нам ня трэба штаты, каб пераправяраць сабраныя подпісы, бо мы будзем на 100% перакананыя, што гэта подпісы сапраўдныя.

Вядома, калі б мільён грамадзян даў нам па адным даляры, то мы б мелі мільён на правядзеньне кампаніі. Гэта — наш стратэгічны кірунак. Мы кажам, што хацелі б узяць крэдыт у людзей і даць ім ясную справаздачу, на што гэтыя грошы патрачаныя».

Найбольш верагоднай датай прэзыдэнцкіх выбараў выглядае нядзеля, 15 лістапада 2015 году.

Уладзімер Глод, Радыё Свабода