Вызначаны фармат святкавання Дня Волі ў Менску
На паседжанні аргкамітэта па святкаванню Дня Волі былі абмеркаваныя тэхнічныя акалічнасці падачы заяўкі на правядзенне 25 сакавіка шэсця і мітынгу.
Ужо на гэтым тыдні заяўка будзе падрыхтаваная і на пачатку будучага тыдня пададзеная ў Менгарвыканкам, – сказаў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч:
– На сённяшні дзень фігуруюць 10 прозвішчаў-заяўнікаў. Магчыма ў апошні дзень нехта дадасца, або нехта выляціць з гэтага спісу. Фармат мерапрыемства прадугледжваецца наступны: а 18-й гадзіне мы будзем прасіць даць дазвол на збор каля Акадэміі навук, пэўны час мы закладаем на збор удзельнікаў, пасля мітынг на паўгадзіны, таксама каля Акадэміі навук, пасля дэманстрацыя да помніку Янкі Купалы, і ў скверы Янкі Купалы запланаваны яшчэ адзін кароткі мітынг.
Па словах Аляксея Янукевіча, у гэтым годзе як ніколі важна годна і масава адзначыць Дзень Волі. „Каб беларускае грамадства паказала, што ідэалы беларускай дзяржаўнай незалежнасці блізкія людзям і вялікая колькасць грамадзянаў гатовая іх адстойваць,” – падкрэсліў Аляксей Янукевіч.
„Спадзяюся, што святкаванне Дня Волі ў гэтым годзе будзе масавым і годным”, – кажа старшыня Руху салідарнасці „Разам” Вячаслаў Сіўчык.
Актывісты гэтага руху маюць намер нагадаць грамадству і пра шэраг іншых, ужо гістарычных падзей. Па-першае, пра 20-годзе Менскай вясны-96. Тады кіраўніцтвам Расеі і Беларусі было абвешчана пра планы па стварэнню саюза двух краін. Беларускае грамадства адказала на гэта шэрагам шматтысячных дэманстарцый.
Таму, па словах Вячаслава Сіўчыка, Рух салідарнасці „Разам” пры падтрымцы аргкамітэта па святкаванню Дня Волі правядзе ў Менску 24 сакавіка вечарыну, прысвечаную пачатку „Менскай вясны”:
– Першыя акцыі вясны 24 сакавіка праводзілася як раз на Дзень Волі. Наогул гэта не адзіная вечарына, якую мы будзем праводзіць у сакавіку. 20-га сакавіка будзе дзесяцігоддзе плошчы Каліноўскага, мы таксама будзем праводзіць вечарыну прысвечаную гэтай даце. Гэтая дата як раз паказвае, што беларускі народ не здаўся і мы будзем змагацца за тое, каб Беларусь была незалежнай, дэмакратычнай, еўрапейскай дзяржавай.
Па словах Вячаслава Сіўчыка, Дзень Волі, які з’яўляецца галоўным святам Беларусі, завершыць шэраг гэтых мерапрыемстваў.
„Упэўнены, што яго святкаванне пройдзе годна. Першыя крокі, якія ўжо зроблены аргкамітэтам, паспяховыя. Арганізатарам удалося дасягнуць кампраміса. Заяўка на правядзенне мерапрыемства распрацавана ад імя прадстаўнікоў усіх асноўных палітычных сілаў. І гэта добры знак для ўсяго беларускага грамадства”, – сказаў Вячаслаў Сіўчык
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя