Яўген Васьковіч вернецца на працу ў «Бабруйскі кур'ер»
Былы палітвязень распавёў пра свае планы пасля вызвалення падчас сустрэчы з прыхільнікамі аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».
(Зьлева направа) актывістка БХД Марына Хоміч, Яўген Васьковіч і актывістка руху салідарнасьці “Разам” Надзея Батура
Прынамсі, Яўген Васьковіч заявіў, што і далей будзе працаваць журналістам у газеце «Бабруйскі кур\’ер».
«Калі пасля вызвалення я сустрэўся з Анатолем Санаценкам, рэдактарам гэтага выдання, дзе я працаваў да зняволення, то ён паведаміў, што не звальняў мяне, і я па-ранейшаму застаюся ў штаце рэдакцыі. Гэта было вельмі прыемна», – распавёў Яўген.
Актывіст таксама паведаміў, што застанецца ў складзе БХД і збіраецца прадаўжаць палітычную дзейнасць.
Яўген Васьковіч таксама распавёў пра ўмовы ўтрымання ў зняволенні. Прынамсі, былы палітвязень адзначыў, што турэмныя варункі жыцця накіраваныя не на фізічнае, а на псіхалагічнае і маральнае прыніжэнне зняволеных, што цяжэй за ўсё было трываць не холад ці спробы здзекаў, а бяздзейнасць:
«Ва ўмовах ізаляцыі, асабліва ў СІЗА, дзе я правёў 295 дзён, дапамагала выжываць любоў да жыцця і прага дзейнасці. Але турма – гэта як атрыманне жыццёвага досведу ў пэўнай навучальнай установе.
Да прыкладу, было жудасна даведацца ад іншых зняволеных, што ў гэты час у турме таксама знаходзіліся два чалавекі з так званай «расстрэльнай каманды». Гэта азначае, што цяперашняя ўлада не пагрэбуе нічым: знішчыць нават сваіх самых адданых слуг, калі гэта ёй спатрэбіцца».
Са слоў актывіста, для зняволеных, якія прызнавалі сябе праваслаўнымі хрысціянамі, былі створаныя лепшыя ўмовы для спаткання са святарамі: да іх прыязджалі часта і праводзілі малітвы, прычашчалі. Каталіцкія і пратэстанцкія святары бывалі ў турме рэдка. Актывіст кажа, што аддаваў перавагу ў турэмных варунках не прыступаць да споведзі, бо ўважаў гэта за небяспеку.
Выхад знаходзіў у чытанні Бібліі, беларускіх каталіцкіх выданняў і малітоўнікаў, у самой малітве. Літаратуру ў турму перадавалі з волі, а потым актывіст пакідаў яе іншым зняволеным-каталікам:
«Мне яна дапамагала, павінна дапамагчы ім таксама. Бо без веры чалавек у турме не мае будучыні. Ён нешта кажа, а потым шкадуе, што нешта робіць, а потым шкадуе. Чалавек, які верыць, – ён адразу ведае, што вось гэта ён не зробіць ніколі. А вось так – будзе рабіць заўсёды, і гэта яго робіць усё больш упэўненым, трымае і дапамагае пазбегнуць непатрэбных памылак. Я ўспрымаў сваё зняволенне як пасланае мне Богам выпрабаванне і, адбываючы яго, выконваў Божую волю».
У час сустрэчы актывістка руху салідарнасці “Разам” Надзея Батура перадала Яўгену Васьковічу лісты салідарнасці, якія былі напісаныя яшчэ да вызвалення ўкраінскімі актывістамі на кіеўскім Майдане.